Нашли могилу деда через 80 лет после войны

80 лет освобождения Беларуси Беларусь помніць Край шумілінскі Общество

Прозвішчы герояў будуць увекавечаны

Сваякі многіх загінуўшых салдат, хто абараняў раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, знаходзячы назву Сіроцінскага раёна, накіроўваюцца ў Сіроцінскі сельвыканкам. Яго старшыня Аксана Шынкевіч ужо звыклася, што кожны год сустракае гасцей з іншых краін.

Так было і летась, калі ў Сіроцінскі сельвыканкам з Казахстана прыехаў Юрый Радзівонаў з сынам Яўгенам. Юрый паказаў дакументы, паводле якіх яго дзед, Афанасій Савацеевіч Радзівонаў, які быў прызваны на фронт у 1941 годзе і служыў у супрацьтанкавай стралковай дывізіі, загінуў у Сіроцінскім раёне ля вёскі Заполле. Прычым, родным двойчы прыходзіла пахаванка на яго – у 1942-м і 1944-м. Як высветлілася потым з архіўных дакументаў, першы раз яго памылкова запісалі ў загінуўшыя.

Паколькі ў спісе сярод загінуўшых на брацкіх могілках Сіроцінскага сельсавета Афанасій Радзівонаў не значыўся, Аксана Шынкевіч звярнулася за дапамогай да супрацоўнікаў Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Да пошукавай работы далучыўся старшы ўчастковы інспектар РАУС Вячаслаў Зубараў. Гасцей з Казахстана звазілі ў вёску Заполле Мішневіцкага сельсавета. Потым з’здзілі на тое месца, дзе была вёска Заложнае і дзе падчас вайны размяшчаўся шпіталь. «Адчуваю душой, што мой дзед быў тут, – нечакана сказаў Юрый Радзівонаў. – У мяне забілася сэрца і кінула ў гарачыню».

Як потым высветліцца, у адчуваннях госць не памыліўся. Але доказаў таго, што ягоны дзед тут пахаваны, тады яшчэ не было. Пачалася сур’ёзная пошукавая работа.

«Мы вывучалі архіўныя дакументы, банк дадзеных “Мемарыял”, – расказала дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова. – У архівах мы знайшлі, што А. С. Радзівонаў загінуў каля вёскі Закатніч.

Такога населенага пункта на тэрыторыі раёна не было, і гэта прывяло нас у тупік. Але я ўдзячна калегам, што не апускалі рукі і працягвалі шукаць. Мы вывучылі журнал баявых дзеянняў дывізіі, спіс загінуўшых, данясенні аб стратах. Трымалі сувязь і раіліся з прадстаўнікамі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Праводзілі сваё расследаванне.

Высветлілі, што на дапамогу 47-й стралковай дывізіі была накіравана 45-я стралковая брыгада – вось чаму параненыя знаходзіліся разам у шпіталі каля вёскі Заложнае. Як сведчаць запісы архіваў, радавы стралок Афанасій Радзівонаў памёр ад ран 24 чэрвеня 1944 года і быў пахаваны ў магіле № 4 в. Заложнае. А вёска Закатніч значылася ў адным з архіваў памылкова».

Падчас пошукавых работ супрацоўнікі музея трымалі сувязь з Юрыем Радзівонавым, унукам салдата. І калі дакументальна была пацверджана праўдзівасць таго, што Афанасій Радзівонаў пахаваны каля вёскі Заложнае, пра гэта паведамілі родным. «Маё сэрца гэта адчувала, – напісаў музейным работнікам Юрый Радзівонаў. – Дзякуй вам за работу, дзякуй за пошукі. Вы прынеслі нашай сям’і радасць, сёння ў нас свята. Цяпер мы ведаем, куды можна прыехаць пакланіцца магіле роднага чалавека. Абавязкова прыедзем!».

На жаль, месца ў Заложным, дзе менавіта пахавалі параненых, невядома. Але імя Афанасія Савацеевіча Радзівонава нядаўна ўвекавечана на бліжэйшым брацкім пахаванні ў в. Глушыца, расказала старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Галіна Зязюлька. Будуць увекавечаны імёны яшчэ чатырох салдат-вызваліцеляў, прозвішчы якіх падчас пошукаў знайшлі супрацоўнікі музея. Памерлі ад ран і былі пахаваны ў адной магіле з Афанасіем Радзівонавым Іван Пятровіч Цельнікаў з Тамбоўскай вобласці (сяржант, стралок), Сямён Давыдавіч Жарноўскі са Свярдлоўскай вобласці (радавы, лінейны наглядчык асобнай кабельна-шоставай роты сувязі, узнагароджаны медалём “За адвагу”), Мікалай Міхайлавіч Тарпішчаў з Хабараўскага края Амурскай вобласці (старшы сяржант, камандзір аддзялення разведкі 1-га дывізіёну, узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені, медалём “За адвагу”), Аляксандр Міхайлавіч Распругін з Ніжагародскага края Мурамскай акругі (радавы, разведчык, узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені). Памяць людская не мае межаў і часу.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *