Копать картошку в район приехали студенты

Актуалии Новости Сельское хозяйство

І студэнты ў падмогу
Што патрэбна студэнту на работу ў калгас? Вядома, гумавыя боты, куртку і шапку, цёплы світар… Атрымаецца вялікая сумка. Многа студэнтаў — многа сумак. І якое ж было здзіўленне, калі першакурснікі Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага ліцэю прыехалі на цягніку ў Шуміліна паражняком, без багажу.
— Нічога дзіўнага няма, сумкі паехалі ўжо ў Крывое Сяло, — растлумачыла майстар ліцэя В. В. Лазоўская. — “Прыдзвінскаму” дапамагаем не першы год, пасябравалі, сёлета за сумкамі з калгаса прыслалі МАЗ…
З політэхнічнага ліцэя прыехалі ў “Прыдзвінскі” 45 чалавек. Частка студэнтаў будзе жыць у інтэрнаце, частка — па кватэрах. А працаваць будуць на бульбе — у іх распараджэнні 20 гектараў. Майстры ліцэя згадалі, што ў мінулыя гады на ўборцы бульбы ў Полькавічах студэнты зарабілі добра. І сёлета мяркуюць атрымаць не менш чым па 300 тысяч рублёў.
Яшчэ адна група з політэхнічнага ліцэя (каля 30 чалавек) прыехала ў “Мішневічы”, а навучэнцы Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа дапамагаюць капаць бульбу ў “Райаграсервісе”. Усяго на Шуміліншчыне больш за сотню студэнтаў. Гэта нямнога. Гадоў сем таму ці не ў кожную гаспадарку па сотні чалавек прыязджала.
Навучэнцы ліцэя і каледжа будуць працаваць на палетках нашага раёна не больш месяца. Фронт работы для моладзі падрыхтаваны, памочнікаў чакае трохразовае харчаванне. Падумалі і пра вольны час – у выхадныя навучэнцаў чакаюць дыскатэкі ў мясцовых клубах. Студэнтаў будуць наведваць медыкі, супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, участковыя інспектары. У дзень заезду моладзь праінструктавалі па тэхніцы бяспекі на ўборцы ўраджаю. Думаецца, студэнцкі верасень у нашым раёне пройдзе ў актыўным рытме. А дапамогуць у гэтым малады запал і энергія.
Автор Лариса ЗАЙЦЕВА.
Опубликовано в №70 от 10.09.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *