Быць гатовымі да любых сітуацый
23 студзеня ў кожным раёне Віцебскай вобласці ў адпаведнасці з планам праводзіліся маштабныя заняткі-вучэнні войскаў тэрытарыяльнай абароны. У нашым раёне ў занятках былі задзейнічаны больш чым 100 чалавек – ваенаслужачыя запасу, спецыялісты і кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія адказваюць за жыццезабеспячэнне насельніцтва. Напярэдадні заняткаў былі праведзены значныя арганізацыйныя мерапрыемствы работнікамі райвыканкама, ваеннага камісарыяту, розных прадпрыемстваў раёна.
Мэта заняткаў – удасканальванне абавязкаў каманднага складу тэрытарыяльнай абароны, кіраўніцтва райвыканкама, начальнікаў аб’ектаў грамадзянскай абароны. На прыкладзе асобных падраздзяленняў былі прадэманстраваны парадак камплектавання войскаў тэрытарыяльнай абароны, парадак нясення службы і выканання асобных баявых задач.
Пачаліся заняткі з выступлення старшыні райвыканкама У. П. Кураннога, які адзначыў, што ўвага да гэтых вайсковых фарміраванняў павысілася пасля даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі па выніках праверкі тэрытарыяльнай абароны, падкрэсліў важнасць тэрытарыяльнай абароны ў сучасным свеце на канкрэтных прыкладах, нагадаў, што тэрытарыяльныя войскі выкарыстоўваюцца і падчас маштабных надзвычайных сітуацый, стыхійных бедстваў. Трэба трымаць порах у парахаўніцах сухім, нагадаў старшыня райвыканкама. Ён успомніў старонкі гісторыі, калі ў 1941 годзе на працягу некалькіх дзён дзясяткі прамысловых прадпрыемстваў Віцебска былі эвакуіраваны ў Чэлябінскую вобласць і ўжо праз месяц пачалі выпускаць прадукцыю для фронту. Гэта сведчанне высокай арганізаванасці грамадзянскага насельніцтва ў ваенны час, падкрэсліў Уладзімір Пятровіч.
Старшыня райвыканкама выступіў з дакладам Аб выкананні мерапрыемстваў па ўдасканаленні тэрытарыяльнай абароны ў Шумілінскім раёне ў 2011-2012 годзе і задачах на 2013 год.
Пасля адбылася практычная частка заняткаў. Спачатку прысутным была прадэманстравана работа пункта прыёму асабовага саставу: прыём вайскоўцаў, пераапрананне ў форму, фарміраванне падраздзяленняў тэрытарыяльнай абароны.
Потым у палявых умовах была паказана арганізацыя аховы аб’екта ЖКГ у мірны час, а таксама ў перыяд пагрозы і ў ваенны час. На аб’екце былі прадэманстраваны сумесныя дзеянні войскаў тэрытарыяльнай абароны і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ад-дзела ўнутраных спраў, аддзела Следчага камітэта, было прадэманстравана выкананне канкрэтных баявых задач на мясцовасці. Для вайскоўцаў былі абсталяваныя агнявыя кропкі, памяшканне для жылля, працавала палявая кухня. Ну а мароз за 20 градусаў надаваў сітуацыі сапраўдны баявы настрой.
Па выніках заняткаў ваенны камісар раёна палкоўнік А. Г. Чарняўскі падзякаваў кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, якія былі задзейнічаны ў занятках, за адказны падыход і высокую арганізаванасць.
Напрыканцы кіраўнік раёна У. П. Куранны заўважыў, што падобныя заняткі ў адпаведнасці з распараджэннем старшыні аблвыканкама будуць праводзіцца рэгулярна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №7 ад 25.01.2013 г.