Холодные точки района

Актуалии Общество Экономика

Обальскі дзіцячы сад
Зіма штогод знаходзіць аб’екты, каб правесці іспыты на марозатрываласць. І не заўжды з такім выпрабаваннем спраўляюцца годна. Вось і сёлета марозны перыяд паказаў слабыя бакі і некаторых будынкаў, і сістэм ацяплення. Як стала вядома,  у некаторых памяшканнях дзіцячага сада  ў Обалі тэмпература апускаецца да 12 градусаў. У чым праблемы? Як жа адчуваюць сябе ў такіх умовах дзеці? З такімі пытаннямі мы звярнуліся да загадчыцы сада Н. М. Спірыдзенкі.
Наталля Мікалаеўна патлумачыла, што дзіцячы сад да зімовага перыяду рыхтавалі як звычайна: летам прамылі сістэму ацяплення, увосень заклеілі вокны.
Дарэчы, у мінулым годзе паставілі ў чатырох групах шклопакеты (каля 20 вокнаў). Тэмпература ў розных групах ад 18-20 градусаў да 12-14. Прычым, паведаміла загадчыца, холадна нават там, дзе паставілі шклопакеты.
Прыязджалі спецыялісты, вывучалі сітуацыю – прыйшлі да высновы, што трэба пераварваць разводку сістэмы ацяплення.
Начальнік аддзела адукацыі П. У. Спірыдонаў паведаміў, што цяпер робіцца праект разводкі, пасля заканчэння ацяпляльнага перыяду сістэму ацяплення пераробяць. Таксама ў планах замена старых вокнаў на шклопакеты яшчэ ў чатырох групах дзіцячага сада, але тут усё залежыць ад фінансавання, падкрэсліў ён.
Язвінскі Дом культуры
Няпростыя выпрабаванні прынесла сёлетняя зіма Язвінскаму Дому культуры. Будынак, які аддзел культуры арандуе ў ААТ “АргаБаравінка”, далёка не новы. Сістэма ацяплення таксама. Не вытрымала моцных маразоў помпа на кацельні – выйшла са строю. Вось і ператварыўся будынак у адну з халодных кропак раёна. А тут, акрамя Дома культуры, знаходзіцца сельская бібліятэка, спартыўная зала Язвінскай школы.
Сітуацыю тлумачыць начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук: “Помпу адрамантавалі, гатовы запусціць кацельню хоць сёння, але ж у вялікія халады гэтага рабіць нельга  – можна сапсаваць усю сістэму. І ў нас няма выхаду – прыйдзецца пачакаць, пакуль зменшацца маразы”.
Як працаваць пры мінусавой тэмпературы? “Зараз тэмпература не мінусавая, – папраўляе мяне загадчыца мясцовай бібліятэкі Л. М. Сабалеўская. – Вада не замярзае, у бібліятэцы прапальваем грубку. Клапоцімся ж не толькі пра сябе, але і пра захаванне бібліятэчнага фонду, кніг жа шкада. Але ж, калі шчыра, то працаваць у такіх умовах не вельмі прыемна. Каб неяк выжываць, мясцовы бібліятэкар набыла валёнкі. Без іх на рабоце зараз не абысціся.
Выручае грубка і ў кабінеце дырэктара Язвінскага Дома культуры. Але і тут прахладна. Ну, пра дыскатэкі і гаварыць не прыходзіцца. Пры сустрэчы з мясцовай моладдзю адзін з хлопцаў прызнаўся: “Няма неразумных ісці ў той холад, лепш на канапе ля тэлевізара паляжаць”.
Настаўнікі і вучні Язвінскай школы зараз увогуле не карыстаюцца спартыўнай залай, бо там мінус дзевяць градусаў (тэмпературу вымяралі 23 студзеня). Урокі фізічнай культуры праходзяць на лыжнай трасе, расказала дырэктар Язвінскай школы І. Р. Кажанеўская.
Жывёлагадоўчы комплекс Башні
Марознай зімой пільная ўвага ўдзяляецца жывёлагадоўчаму комплексу ў “АграБаравінцы”. “Мы прывыклі да такой ўвагі, – гавораць мясцовыя жывёлаводы. – Начальства з райсельгасхарчу ў нас частыя госці – баяцца, каб на комплексе не замерзла сістэма. Ды мы і самі гэтага баімся, бо  памяшкання з ўсімі яго плюсамі і навейшай сістэмай даення з цяжкасцю вытрымлівае маразы.”
Сітуацыю тлумачыць першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. А. Кузняцоў: “Яшчэ з восені комплекс уцяплілі, дадаткова абабілі плёнкай вокны і дзверы. Уцяплілі саломай вентыляцыйныя шахты. Нават канёк на даху ўкрылі плёнкай, каб не задзімала ветрам”.
Але ж усё роўна ў кароўніку тэмпература не дацягвае і да нуля градусаў. На думку спецыялістаў, гэта нармальна, бо галоўнае для жывёлы – гэта якасныя кармы. Яны на комплексе ёсць. Тым не менш, далёка не ўсе даяркі пагаджаюцца з такой тэмпературай. “Шкада кароў, – гавораць яны. – Бярэшся за вымя, а яно ледзяное. Не ведаем, якія там новыя тэхналогіі зараз, але ж дзе вы бачылі, каб у каго дамашняя карова жыла ў хлеўчуку з “мінусам”?
Жывёлаводы расказалі, што ў гэтым годзе яшчэ не было надзвычайных сітуацый, калі мароз зашкальвае за трыццаць. “А з мінус дваццаццю градусамі спраўляемся, – кажа загадчыца фермы Алена Галаева. – Змагаемся з холадам рознымі спосабамі, прымаем крайнія меры, каб толькі сістэма даення і гноевыдалення не выйшла са строю”.
Сярод гэтых крайніх метадаў – адаграванне крайніх паілак газавай гарэлкай, выкарыстанне так званых “пушак” – абагравальнікаў, якія працуюць на салярцы. Перад прыездам даярак вартаўнікі ставяць абагравальнікі ў даільную залу, каб крыху прагрэлася. Такім чынам не даюць замерзнуць малочным трубам і даільным апаратам.
Матэрыял падрыхтавалі Сяргей Ермалаеў і Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №7 ад 25.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *