Завуч Шумилинскай СШ №1 Г. М. Масюкова: “Я – счастливая женщина!”

Людзі і лёсы Образование

“Я шчаслівы чалавек!”
У паходцы, мяккіх рысах твару, прыглушаным тэмбры голасу і прыемнай, выклікаючай давер усмешцы – ва ўсім чытаецца спакой і задаволенасць лёсам. З такім чалавекам хочацца гаварыць, з ім лёгка знайсці агульную тэму, а пасля сустрэчы на душы абавязкова застаецца светлае пачуццё. Вось такую б настаўніцу майму сыну, падумалася міжволі.
Галіна Міхайлаўна Масюкова – шчаслівая жанчына. Не, не мы прыйшлі да такіх высноў: яна сама прызналася, з гэтага пачала. “Я шчаслівая жанчына! У мяне добрая сям’я, здаровыя дзеці, унукі. Дзякуй богу, ёсць жыллё, работа, упэўненасць у будучым. А што яшчэ трэба?” — задала тон нашай гутарцы настаўніца. Сапраўды, а што яшчэ трэба? Такая жыццёвая пазіцыя абавязкова адгукаецца добрым плёнам у рабоце і, прабачце за трывіяльнасць, шчасцем у асабістым жыцці.
Намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце заўжды няпроста, абавязкаў і адказнасці столькі, што можна і разгубіцца. А калі гэта такая вялікая  школа, як Шумілінская СШ №1, то работу можна смела памнажаць удвая. Галіна Міхайлаўна – добры адміністратар, яна ўмее размеркаваць сілы, вылучыць галоўнае, арганізаваць работу. Канечне, цяжкасцяў хапае, галоўная – непамерныя аб’ёмы пісаніны, папер, важнасць якіх выклікае сумненні.
Жывая работа з дзеткамі на ўроках – вось дзе сапраўдная важнасць, вось што вызначае вартасць работы, без чаго настаўніца проста сумуе. Выкладанне беларускай мовы і літаратуры адкрывае магчымасці поўнага духоўнага выражэння, яднання са сваімі падапечнымі, палёту для творчасці. Галіна Міхайлаўна шмат робіць для таго, каб беларуская мова стала па-сапраўднаму роднай для дзяцей і адзначае, што яны лёгка засвойваюць матэрыял, арыентуюцца ў спецыфіцы мовы. Канечне, сённяшняя рэальнасць, калі моўная практыка абмяжоўваецца выключна заняткамі ў школе, не можа радаваць педагога-беларусазнаўцу. Хочацца, каб пытанне аб папулярызацыі роднай мовы наогул не стаяла, каб усе мы ведалі, любілі сваю мову і размаўлялі па-беларуску.
Галіна Міхайлаўна аптымістка. Яна лёгка сустракае і прымае новае, не пасуе перад цяжкасцямі, не панікуе. І, гледзячы на яе,  міжволі набываеш упэўненасць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Опубликовано в №70 от 10.09.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *