Адзін і ў кашы не споркі
У сям’і Сабалеўскіх з аграгарадка Светласельскі кожны раз на першае верасня пякуць торт. І ў гэтым годзе торт атрымаўся асабліва смачны. Напэўна, таму, што гаспадыні Карыне Казіміраўне, дапамагалі дзеці. Хто цеста мясіў, хто бялкі ўзбіваў. Торта хапіла для ўсёй сям’і.
Сям’я ў Сабалеўскіх багатая: у таты з мамай два сыночкі і прыгажуня-дочка. Усмешлівыя і шчырыя, дзеці з радасцю дзяліліся навінамі.
– А мне партфель новы купілі, у ім многа аддзяленняў і ўсе закрываюцца на “замочкі”, – аб’явіў малодшы, другакласнік Саша. – А яшчэ я сёлета пайшоў у вялікую школу, вучуся цяпер на трэцім паверсе.
Акрамя партфеляў і канцылярскіх прылад, шмат іншых пакупак зрабілі да новага навучальнага года. Сашу і ягонаму брату-трэцякласніку Арцёму купілі касцюмы і абутак. Іне, старэйшай у сям’і, абноў дасталося больш за ўсіх. Але хлопцы не крыўдзяцца – яна ж дзяўчынка, ды і ходзіць ужо ў сёмы клас. Ёй патрэбны прыгожы сарафан, блузка, туфлі…
Некаторыя бацькі, маючы па аднаму дзіцяці, скардзяцца, што дорага абыходзіцца школьнік, а што гаварыць пра мнагадзетную сям’ю. Але Сабалеўскія не прывыклі на некага спадзявацца, жывуць па прынцыпу: нашы дзеці – нашы праблемы. Да школы заўсёды збіраюцца загадзя, на працягу ўсіх трох летніх месяцаў нешта купляюць. Асабліва важкія пакупкі – з татавай зарплаты, які працуе механізатарам у “Райаграсервісе”.
Дзеці ганарацца сваім бацькам: сёлета ён па перавозцы кармоў заняў першае месца ў раёне, атрымаў прэмію – і ўся яна пайшла дзецям на абновы. Дадатковы заробак –на ўласным агародзе. Бульбы садзяць столькі, каб і сабе хапіла, і на продаж засталося. У мінулым годзе, напрыклад, прадалі віцяблянам трыццаць мяшкоў. Сёлета, спадзяюцца, ураджай будзе не горшым. Трымаюць і жыўнасць: свіней, курэй. Даглядаць іх, збіраць траву, а таксама палоць градкі дапамагаюць дзеці.
Праца і вучоба ў Сабалеўскіх — на першым месцы. У Івана Сцяпанавіча зімой шмат вольнага часу, тады ён правярае ў хлопцаў чытанне, займаецца з імі матэматыкай. Вось за будучую зіму трэба асвоіць з Сашам табліцу множання. А за чыстапісаннем хлопцаў сочыць мама. Сабалеўскія не разумеюць тых, хто не знаходзіць часу зазірнуць у сшытак дзяцей. Ды і самі дарослыя вучацца. Карына Казіміраўна, напрыклад, закончыла сёлета курсы бухгалтараў. Цяпер яна будзе не толькі дамашняй гаспадыняй.
Сям’я Сабалеўскіх працавітая, дружная. А яшчэ – інтэрнацыянальная, Карына Казіміраўна родам з Латвіі. Яна і не шкадуе, што закахалася ў шумілінскага хлопца. З такім старанным і працавітым не прападзеш. Жывецца у Беларусі ёй добра, яна спакойная за будучыню сваіх дзяцей. І ў саміх дзяцей ужо ёсць мары. Іна бачыць сябе ў будучым юрыстам, Арцём хоча стаць выратавальнікам, а Саша – міліцыянерам.
У бацькоў Івана Сцяпанавіча шасцёра дзяцей, Карыны Казіміраўны – васьмёра. І што цікава – муж і жонка – абодва з двойняў. “Так што ўнукаў будзем чакаць адразу двойню”, – смяюцца Сабалеўскія.
Сямейнымі клопатамі, цеплынёй і павагай адзін да аднаго поўніцца дом Сабалеўскіх. Любяць разам ездзіць да родзічаў у Віцебск, спраўляць дні нараджэння, гатаваць шашлыкі. Разам і працуюць: капаюць бульбу, складваюць дровы, збіраюць грыбы. “Адзін і ў кашы не споркі”, – жартуюць у сям’і.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Опубликовано в №70 от 10.09.2010 г.