Хто ж думаў, што яна возьме ў рукі нож…
У нас зноў ёсць нагода пераканацца ў тым, што гарэлка ў непамернай колькасці – гэта не толькі тлусты крыж на сям’і, кар’еры, прыгажосці. Даволі часта, не абмяжоўваючыся ўсім гэтым, яна забірае і жыццё. Ты можаш перапіць, атруціцца няякасным алкаголем, можаш замерзнуць у сумёце снегу, можаш трапіць пад колы ці самастойна, абсалютна дабравольна развітацца з жыццём.
А яшчэ, спыніць падораныя Богам гады лёгка можа вунь тая асоба, што сядзіць насупраць, з якой вы ўжо неаднойчы разам пілі за гэтым самым сталом, размаўлялі “за жыццё”, спалі ў адным ложку, збіралі бутэлькі, каб было на што пахмяліцца. І гэта асоба здавалася такой надзейнай, даражэй і мілей за ўсіх блізкіх і родных, з ёй можна было – хоць у разведку. Хто ж думаў, што яна возьме ў рукі нож…
Гэта калі наогул, а ў прыватнасці, 13 студзеня, акурат у Стары Новы год у Светласельскім быў зарэзаны мужчына. Дзеянне разгортвалася па даўно накатаным сцэнарыі: разам пілі, разгарэлася спрэчка, жанчына схапіла нож і прымусіла свайго сабутэльніка замоўкнуць назаўжды.
Начальнік раённага аддзела следчага камітэта Беларусі Р. В. Курклінскі расказаў, што забойца затрымана, вядзецца следства, праводзяцца неабходныя экспертызы. А яшчэ ён заўважыў, што сітуацыя гэта – зусім не выключэнне з правіла. Сабутэльнікі рэжуць адзін аднаго, прычым, усё часцей забойцамі становяцца прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2013 г.