Галоўная задача – вярнуць прэстыж завода
Яшчэ паўгода назад сітуацыя на Обальскім керамічным заводзе была, мякка кажучы, крытычная: два-тры рабочыя дні на тыдзень, вялікія запасы цэглы, скарачэнне персаналу… Будучыня керамічнага выклікала вялікую занепакоенасць.
Сёння можна сцвярджаць, што завод ажывае. Безумоўна, сітуацыя складаная, але тое, што з’явілася, як кажуць, святло ў канцы тунелю – факт бясспрэчны. Апошнія месяцы завод працуе без збояў, на складах няма залежаў прадукцыі.
“Найперш былі ліквідаваны ўсе бартарныя здзелкі, – расказвае дырэктар Обальскага керамічнага завода П. І. Манак. – Толькі грашовыя адносіны. Метад работы з пакупнікамі просты: заплаціў – набыў. Зразумела, пастаянным партнёрам, якія набываюць вялікія аб’ёмы, робім пэўныя скідкі”.
Павел Іванавіч пачаў сваю работу на заводзе з увядзення жорсткага кантролю як за матэрыяламі, так і за грашовымі сродкамі. Поўнасцю перагледжана палітыка прадпрыемства па закупках. “Цалкам адмовіліся ад паслуг пасрэднікаў, — адзначае галоўны інжынер завода С. А. Ляўшоў. – Працуем непасрэдна з вытворцамі. Выгады відавочныя, бо кожны пасрэднік да цаны накручвае да 15%”. На заводзе была праведзена аптымізацыя кадраў, якая ў першую чаргу датычылася адміністрацыі.
Усе гэтыя крокі прынеслі плён, але далейшае развіццё Обальскага керамічнага без мадэрнізацыі немагчыма. Гэта добра разумее сённяшняе кіраўніцтва прадпрыемства. “Пра поўную мадэрнізацыю завода гаварыць не прыходзіцца, — дзеліцца С. А. Ляўшоў, – на гэта патрэбны вялізныя грошы альбо багаты інвестар. На жаль, у нашым выпадку няма ні першага, ні другога. Таму лепш казаць не пра мадэрнізацыю, а пра абнаўленне састарэлага тэхналагічнага абсталявання”.
Восенню пачалі абнаўляць цэх №1. Былі ўстаноўлены тры адзінкі новага абсталявання: глінарасціральнік украінскай вытворчасці, прас магілёўскай вытворчасці і нямецкая вакуумная помпа. Грошы, а гэта 2,4 мільярда рублёў, былі выдаткаваны з інавацыйнага фонду Віцебскага аблвыканкама.
“У цэху №1 вырабляюць цэглу пластычнага фармавання, – адзначае С. А. Ляўшоў. – Прадукцыя запатрабаваная. Але ўсё абсталяванне састарэлае, як вынік – невысокая якасць і высокія выдаткі”. Першыя крокі па абнаўленні цэху адразу прынеслі вынікі: павялічылася якасць перапрацоўкі цэглы, на 10% зменшыўся брак. Як адзначае Сяргей Аляксандравіч, у цэху №1 у першую чаргу патрабуецца мадэрнізацыя тунельнай сушылкі і тунельных печаў абпалу. На яго думку, каб больш-менш годна аднавіць цэх, спатрэбіцца гады тры-чатыры.
Дачакаліся новай тэхнікі і ў транспартным цэху. “Стала зразумела, што чым рэанімаваць старую тэхніку, укладваць туды вялізныя грошы і зноў рамантаваць, — дзеліцца галоўны інжынер, — то лепш па лізінгу паціху набываць новую. І працаваць, а не пастаянна стаяць на рамонтах”. Завод пабагацеў на новы “Амкадор”, які набыў па лізінгу.
Вялікія планы па цэху №2, дзе выпускаюць абліцовачную цэглу. Трэба адзначыць, што абліцовачная цэгла – прадукцыя сезонная: у зімовы час на яе амаль няма попыту. Пры такіх умовах пра эфектыўнасць вытворчасці гаварыць не даводзіцца. “Каб цэх не залежаў ад сезонных попытаў, а працаваў пастаянна, мяркуем устанавіць абсталяванне ўкраінскай фірмы “Плінтфа” і нямецкай “Лінг”. Будзем выпускаць высокаякасную цэглу пластычнага фармавання, – дзеліцца планамі П. І. Манак.
Пад гэта абсталяванне мяркуюць на заводзе ўзяць крэдыт, таксама ёсць спадзяванні на фінансавую падтрымку інавацыйнага фонду аблвыканкама. Мяркуецца, што новае абсталяванне запрацуе ўжо ў верасні. Павел Іванавіч адзначае, што новае абсталяванне акупіцца ўжо праз тры гады.
Зараз обальская прадукцыя мае добры попыт. Уся яна ідзе практычна з колаў. Па-новаму пачалі працаваць у аддзеле продажу. Нядаўна ў Маскве быў адкрыты дылерскі пункт Обальскага керамічнага завода, і адразу памеры продажу обальскай цэглы павялічыліся ў Расіі ў 2,5 раза. Дарэчы, большая частка выпускаемай абальчанамі прадукцыі ідзе на экспарт.
І ўсё ж завод яшчэ не працуе на поўную магутнасць. Галоўная прычына – не хапае рабочых кадраў. Падчас крызісу завод пакінулі многія работнікі, якія паехалі на заробкі ў Расію. На канец 2012 года на заводзе працавала каля 440 чалавек, а 1 студзеня 2012 — 760 чалавек. І зараз адна з задач кіраўніцтва – узняць прэстыж завода, каб людзі вярнуліся.
“Зараз завод разлічваецца па ўсіх плацяжах у поўным аб’ёме, – расказвае П. І. Манак. – Выплачваем яшчэ штомесяц каля 200 мільёнаў старых даўгоў (вісіць доўг за газ і электраэнергію, ён складае амаль 30 мільярдаў)”…
Спадзяецца кіраўніцтва завода, што дадуць прадпрыемству адтэрміноўку выплат па даўгах гады на тры-чатыры. Гэтага часу хопіць, каб прадпрыемства трывала стала на ногі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №4 ад 15.01.2013 г.