І проста любіць жыццё
Такое бывае нячаста, каб і праз дваццаць-трыццаць гадоў пасля заканчэння школы вучні памяталі дзень нараджэння свайго класнага кіраўніка, кожны год тэлефанавалі, прыязджалі. Вось менавіта так і склалася ў жыцці Надзежды Пятроўны Яршовай, былой настаўніцы Обальскай школы. Яна чалавек вельмі дабрадушны, здаецца, ад яе зыходзіць нейкая своеасаблівая цеплыня, той агеньчык, які запальвае ў людскіх сэрцах душэўнае святло.
24 снежня, у 80-ты год нараджэння, да Надзежды Пятроўны прыехалі родныя, з віншаваннямі прыйшлі дырэктар Обальскай школы А. М. Штокін і старшыня школьнай прафсаюзнай арганізацыі М. А. Загнетава. Віншавалі былыя вучні, якія зараз жывуць у Обалі. Тэлефанаваў Валерый Прохараў з Мінска, каторы год запар выказваў удзячнасць сваёй настаўніцы за добрыя урокі біялогіі, дзякуючы якім ён зараз працуе выкладчыкам на кафедры батанікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Разам са старшынёй раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікавай завітала да юбіляршы і раённая газета. Надзежда Пятроўна шмат гаварыла пра сваіх вучняў. Яна памятае іх звычкі, нават рад і парту, дзе сядзелі хлопец ці дзяўчына. Добра памятае настаўніца і тэмы ўрокаў біялогіі. “Калі б і зараз сказалі правесці урок, справілася б без падрыхтоўкі”, – усміхаецца яна.
У педагогі Надзежда Пятроўна прыйшла свядома. Хаця спачатку вывучылася ў тэхнікуме на агранома, нават крыху працавала па спецыяльнасці і за добрую работу была запрошана на адзін з рэспубліканскіх з’ездаў ВЛКСМ у Мінск. Але яна разумела, што гэта не яе прызванне і паступіла вучыцца на настаўніцу. Па размеркаванні трапіла ў Полацкі раён, да якога ў пачатку 60-х адносіўся гарадскі пасёлак Обаль.
За добрасумленную работу Надзежда Пятроўна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі райвыканкама і аблвыканкама, мае Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэтыя ўзнагароды справядліва заслужыла не толькі як настаўнік біялогіі, але і як кіраўнік вучнёўскай вытворчай брыгады, якая працавала на торфапрадпрыемстве імя Даўмана, як начальнік лагера працы і адпачынку, як адказная за трусаводчую ферму, што існавала пры школе. У 70-ыя гады школа славілася развядзеннем трусоў. І за поспехі ў гэтай рабоце Н. П. Яршову запрасілі на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву.
Надзежда Пятроўна і зараз лічыць сябе настаўніцай, бо “гэта назаўсёды, гэта ў душы”. Любіць чытаць раённую газету, глядзець тэлеперадачы. І ўсім чытачам “Герой працы” раіць быць аптымістамі, цаніць сваіх родных, усіх добрых людзей і проста любіць жыццё.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №2 ад 09.01.2013 г.