Уразіла духоўная еднасць паэтаў.
На радзіме народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа ў горадзе Хонікі, на Гомельшчыне, прайшоў ХVII Дзень беларускага пісьменства. У складзе дэлегацыі ад Віцебскай вобласці ў рабоце свята браў удзел наш зямляк урач В. В. Улюценка. Віктар Васільевіч падзяліўся сваімі ўражаннямі ад паездкі.
Пасля выступленняў і ўзнагароджання лепшых кніг па намінацыях (чатыры дыпломы атрымалі і творцы з Віцебшчыны) пад скляпеннямі прыстойнай альтанкі пад пяццю калонамі (нешта падобна, як у Міхайлаўскім, на Пскоўшчыне) сабраліся паэты з Беларусі, Расіі і Украіны. В. В. Улюценку ўразіў высокі “градус” паэзіі і духоўнай славянскай еднасці. Творцы згадвалі сваіх дзядоў і бацькоў, якія ваявалі ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, чыталі вершы аб дружбе, аб братэрстве — усім, што хвалявала і што прасілася з сэрца. Тыя, хто прыйшоў сюды, былі палонены шчырым, сакавітым паэтычным радком. Гучалі вершы на рускай мове, на ўкраінскай і, вядома ж, на беларускай.
Пад вялікім уражаннем вярталася дамоў віцебская дэлегацыя.
Аўтар Мікалай ЯНЧЫН.
Опубликовано в №69 от 7.09.2010