Секреты мастерства пчеловода Храповицкого

Людзі і лёсы Сельское хозяйство

«Трэба ўсю душу ўкласці ў гэту справу»
У празрыстай зелені ябыневага сада з  самай раніцы стаіць звонкі гул – гэтак старанна працуюць руплівіцы-пчолы.
–  Перш чым вылецець з доміка, пчолы ўперад пасылаюць сваіх разведчыкаў, – тлумачыць гаспадар Анатоль Філіпавіч Храпавіцкі з Будобалі. – Яны выбіраюць прыдатнае месца, куды можа  рой прызямліцца. Каб мне не лазіць па высокіх дрэвах, вырашыў абхітрыць пчол – змайстраваў для іх так званыя лавушкі. Знешне яны падобны на пчаліныя домікі.
Разам з гаспадаром мы ўважліва агледзелі пчалінае царства, падышлі і да лавушак – яны прымайстраваны на клёне і елцы за домам, на высокай грушы за агародам. У садзе Анатоля Філіпавіча домікі для пчол размешчаны ўкругавую – так гаспадару лягчэй арыентавацца. Паглядзіш збоку – сапраўдны пчаліны гарадок. Але каб яго змайстраваць, гаспадар прыклаў нямала сіл і намаганняў.  Прыйшлося майстраваць домікі, займацца меданосамі, вывучаць спецыяльную літаратуру.
–  А як жа інакш? – разважае А. Ф. Храпавіцкі. – Каб атрымаць па-сапраўднаму духмяны, смачны і карысны мёд, трэба ўсю душу ўкласці ў гэту справу. Не разумею тых людзей, якія кормяць пчол звычайным цукрам. У такім разе ніколі не атрымаеш сапраўды якаснага мёду.
Анатоль Філіпавіч, трэба адзначыць, размяняў вось-мы дзесятак. Усё жыццё з жонкай Галінай Аляксееўнай адпрацавалі ў Наваполацку, маюць дваіх дзяцей і пяцёра ўнукаў. Раней часта прыязджалі да бацькоў у Будобаль, а пазней купілі тут дом, давялі яго да ладу і жывуць сабе ўжо больш за дзесяць гадоў. Праўда, на зіму з’язджаюць у горад, а ранняй вясной зноў вяртаюцца на радзіму, нібыта птушкі з выраю. “Кліча бацькоўская зямля, – усміхаюцца Храпавіцкія. – Тут знаёмая кожная сцяжынка, тут вырошчваем добры ўраджай агародніны. І нават пчолы тут асаблівыя, па-зямляцку мы з імі сябруем”.
Пчалярства для Храпавіцкіх – сапраўднае захапленне, якое стала часткай  жыцця. Устае раніцай гаспадар – адразу на пасеку, перад сном таксама праведвае пчол. Такая цяга да пчалярства – справа сямейная, родны брат гаспадара  таксама пчол трымае. Як лічаць Храпавіцкія, пчалярства – не толькі для душы і смакаты, але і дзеля лячэння. Мёд лечыць ад прастуды і  хвароб страўніка. Толькі выкарыстоўваць яго трэба ўмеючы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Опубликовано в №69 от 7.09.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *