Гоман, рабочы смех і жарты
Субота, 1 снежня, была клапатлівай: на гэты дзень быў аб’яўлены абласны суботнік. Мэта яго – надаць роднаму краю яшчэ больш прыбранасці і прыгажосці.
Мэта вартая таго, каб яе ажыццявіць. Менавіта такая ці прыкладна такая думка рухала тых, для каго першы снежаньскі дзень стаў святам працы. Што і казаць, час для суботніка выбраны зручны: па сваёй гаспадарцы, на сваім агародзе ў людзей поўны парадак. Трэба было падцягнуць такія-сякія “хвасты” па парадку ў мястэчку Шуміліна. Вось бачыш двух будаўнікоў з ПМК-70, якія на рыштаваннях выкладаюць цагляную сцяну будынка фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Тут жа, з будынку ФАКа, выносяць смецце і друз, побач працуюць работнікі музея. Кіпіць работа ў парку, дзе згуртавалі свае сілы работнікі з Дома Саветаў. Гоман, рабочы смех і жарты. Гэта – ад таго, што надвор’е спрыяе добраму настрою і настрою на свята. Адны зграбаюць апалае лісце, другія зносяць-сцягваюць яго бліжэй да трактара з прычэпам. З лісцем паўз адміністрацыйнага будынка “ваявалі” і жанчыны з аддзела адукацыі райвыканкама. Мужчынам быў даручаны мужчынскі клопат – дапамагчы гаспадару Дома сямейнага тыпу разабрацца з дрэнажом для каналізацыйных сцёкаў. На аб’екце сустрэлі кіраўніка гаспадарчай групы і яго падначаленых. У падвале дома працаваў перфаратар. Тут жа знаходзіўся і гаспадар. Ён быў задаволены: неўзабаве “спіхне” цяжар вялікай праблемы.
І, нарэшце, такі важны аб’ект, як будаўніцтва храма ў Шуміліне (на здымку). Мужчыны з рыдлёўкамі, побач працуе трактар з каўшом. Людзі засыпаюць катлаван. За дашчаным плотам з граблямі і мётламі – работнікі цэнтральнай бібліятэкі. Работа ва ўсіх спорыцца, у людзей “жыве” працоўны ўздым: як-ніяк, а – царква! Яна нам патрэбна, як паветра. Праўда, аднаго храма, матэрыяльнага, будзе чалавеку мала: без духоўнага, без храму ў сэрцы ён не адродзіцца, не вернецца да сваіх спрадвечных вытокаў.
Але гэта ўжо разважанні на іншую тэму…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №96 ад 04.12.2012 г.