Шумилинский лесхоз: экологический патруль

Общество Экология

Самому сабе на шкоду…
Адна з важнейшых задач работнікаў лясгаса – ахова лесу. Ад шкод-нікаў, ад пажараў, ад браканьераў. І сёння ў лясной ахове працуюць 96 чалавек – леснікі, майстры, егеры. Менавіта яны часцей за ўсё выяўляюць незаконныя высечкі лесу. А такіх, па словах інжынера па ахове і абароне лесу Шумілінскага лясгасу  В. У. Воранава, у гэтым годзе было восем.
Леснікі, якія прыехалі на дзялянку непадалёк ад вёскі Лажок, убачылі незаконна высечаныя дрэвы  – 34 вольхі і 4 бярозы. Гэта мясцовы жыхар хадзіў па дровы. Сляды ад конскіх калёс прывялі леснікоў прама на двор вяскоўца, дзе і ляжалі спілаваныя 4,2 кубічных метраў  дроў. “На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф ад 5 да 50 базавых велічынь, – кажа Валерый Уладзіміравіч. –  Акрамя таго, яму прыйдзецца кампенсаваць амаль 400 тысяч рублёў – такая шкода нанесена прыроднаму свету. А калі б вясковец прыйшоў у лясніцтва, выпісаў дровы, то яны каштавалі б усяго недзе 150 тысяч рублёў.  А сума штрафу (нават калі ён будзе самым мінімальным) разам з кампенсацыяй урону складзе мільён рублёў. Вось і лічыце, што дзешавей: выпісваць дзялянку ў лясніцтве ці высякаць дрэвы незаконна?”
У названым выпадку на вяскоўца быў складзены адміністрацыйны пратакол. А калі б урон прыроднаму свету быў нанесены больш як на 250 базавых велічынь, то наступіла б крымінальная адказнасць.
У такім выпадку чалавеку пагражаў бы штраф або выпраўленчыя работы да двух месяцаў, або арышт да шасці месяцаў, або абмежаванне волі да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Смецце – на звалку
Вядома, усе мы ведаем, што смецце трэба вывозіць на звалку. Але для некаторых гэтай “звалкай” становіцца лес. Сюды вывозяць смецце на легкавушках, конскіх калёсах. Выкінулі – і паехалі. Усіх тых, хто забруджвае лес, знайсці вельмі цяжка. Але ў гэтым годзе, па словах спецыялістаў лясгаса, выяўлена восем такіх парушальнікаў. Складзена столькі ж адміністрацыйных пратаколаў.
Так, жыхара Мікалаёва, можна сказаць, схапілі за руку, калі ён выгружаў у лесе з конскіх калёс будаўнічае смецце. На вяскоўца складзены адміністрацыйны пратакол, ён заплаціў штраф памерам у дзве базавыя велічыні. А яшчэ прыбраў у лесе смецце, якое сам жа і высыпаў.
І яшчэ адзін прыклад. У лясным масіве непадалёку ад Мішневіч леснікі знайшлі бытавыя адыходы і …стары халадзільнік. Гэта ўсё прывёз у лес мясцовы жыхар. За гэта яму пагражае штраф да 20 базавых велічынь.
Часта ў лясах смецяць ягаднікі і грыбнікі – выкідваюць шклянкі, пластыкавыя бутэлькі, поліэтыленавыя пакеты. На такіх таксама складаюцца адміністрацыйныя пратаколы.
Бывае і так, што ў лесе смецяць людзі, якія выпісалі лес на корані. Вядома, за адзін дзень яго не выпіліш. Вяскоўцы абедаюць і вячэраюць у лесе. А пасля такіх “абедаў” часта можна ўбачыць горы смецця.
Менавіта такую “карціну” назіралі леснікі, калі прыехалі ў лясны масіў непадалёк ад Добрына. Хто ў гэтым месцы выпісваў лес, ведалі, так што парушальніка знайсці было няцяжка. Яму прыйшлося заплаціць штраф памерам у 20 базавых велічынь.
За забруджванне лесу можа пагражаць і крымінальная адказнасць. Яна наступае ў тым выпадку, калі ўрон, нанесены навакольнаму асяроддзю, складае больш за 80 базавых велічынь.
А вінаваты чалавек…
Вясна, лета і восень – пажаранебяспечны перыяд у лясах. Менавіта ў гэты час людзі часта адпачываюць паблізу лясных масіваў, на берагах рэк і азёр. Па неасцярожнасці ці наўмысна кідаюць запалку на сухую траву ці лісце – і пажар ужо бушуе.
За апошнія дзесяць гадоў у лясах нашага раёна адбылося больш за сто пажараў, падлічыў галоўны ляснічы Шумілінскага лясгаса І. А. Трыногін. Самы “пік” прыйшоўся на 2002 год, калі было зарэгістравана ажно 35 пажараў. У 2003 годзе іх было 11, у 2004 – 15, у 2006 – 26.  І толькі ў 2010 годзе не было ніводнага.
Летась у лясах зарэгістраваны два пажары. Столькі ж і сёлета. У пачатку жніўня гарэла лясная падсцілка ў лясным масіве ля Обалі. Па падліках спецыялістаў лясгаса, урон, нанесены прыроднаму асяроддзю, складае 200 мільёнаў рублёў. Пажар быў патушаны сіламі леснікоў.
У сярэдзіне верасня загарэлася лясная падсцілка ў лясным масіве Шумілінскага лясніцтва. Пажар заўважылі дзяжурныя спецыялісты Полацкага авіяатрада, якія рэгулярна па графіку аблятаюць шумілінскія лясы.  Спахапіліся своечасова – патушылі. Урон склаў 30 мільёнаў рублёў.
Бывае, што ачаг загарання не ў лесе, але паступова агонь дабіраецца і туды. Напрыклад, у верасні гэтага года загарэлася іржышча на Дзюбянцы, агонь “перайшоў” праз канаву і накіраваўся ў бок лесу. Да яго заставалася ўсяго некалькі метраў, як па трывозе сюды прыехалі работнікі Шумілінскага лясгаса. Утаймавалі агонь, не далі перакінуцца на лес.
Дакладная прычына названых пажараў не ўстаноўлена. Але, па меркаваннях работнікаў лясгаса, тут не абышлося без чалавека…
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №96 ад 04.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *