Вялікая сялянская сям’я сабралася на свята
Адно з самых вялікіх і любімых раённых святаў ладзілася ў суботу ў гарадскім Доме культуры – Свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
Не першы раз ладзіцца такое свята, а ўражанні заўсёды хвалюючыя, яркія. І хочацца пісаць узнёслыя радкі, услаўляць чалавека, які працуе на зямлі, які не прамяняў вясковае жыццё на гарадскія выгоды, які ўмее на поўныя грудзі атрымаць асалоду ад простага сялянскага жыцця і работы.
У зале – камбайнеры-тысячнікі, лепшыя вадзіцелі, правафланговыя жывёлаводы, самыя старанныя работнікі перапрацоўчай галіны, моладзь і ветэраны. Убачыць столькі перадавікоў у адным месцы можна, сапраўды, толькі на “Дажынках”.
Да іх звяртаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны. Уладзімір Пятровіч пачынае сваё выступленне з народнай мудрасці: “Не чакай з неба падоранага хлеба”, падкрэслівае, што, сапраўды, ніва не сама пладаносіць, што поспехі на палях патрабуюць не толькі матэрыяльных затрат, але і часцінкі душы, працалюбства і мудрасці беларускага сялянства. Ён адзначае, што сваё прафесійнае свята работнікі аграпрамысловага комплексу Шумілінскага раёна сустракаюць добрымі вынікамі як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі.
Раённыя “Дажынкі” працаўнікі сяла сустракаюць важкім караваем у 40,2 тысячы тон зерня. У раёне нарыхтавана 26 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. За 10 месяцаў валавая вытворчасць малака склала 25,3 тысячы тон. Сярэднясутачныя прывагі склалі 612 грамаў.
Кіраўнік раёна з задавальненнем называе прозвішчы лепшых кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, камбайнераў, вадзіцеляў, жывёлаводаў, адзначае годны ўклад моладзі ў агульны каравай, дзякуе ўсім за працу.
Словы шчырай падзякі за дапамогу сялу Уладзімір Пятровіч выказвае і шэфам – работнікам віцебскіх і шумілінскіх прадпрыемстваў і арганізацый.
Не забывае старшыня райвыканкама пра заслугі ветэранаў сельскай гаспадаркі, якія служаць годным прыкладам для маладых.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў У. П. Куранны выказвае вялікую ўдзячнасць усім за добрасумленную працу, за любоў да роднай шумілінскай зямлі, віншуе са святам.
Кіраўнік раёна па добрай традыцыі не толькі прымае каравай хлеба новага ўраджаю, але і ўзнагароджвае самых лепшых працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта, грашовымі прэміямі.
Першым на сцэну запрашаецца дырэктар ААТ “Прыазёрны мір” В. В. Юхнавец. Старшыня райвыканкама ўручае яму адразу некалькі ўзнагарод – “Прыазёрны мір” заняў першае месца па вытворчасці зерня, трэцяе – па вытворчасці мяса, а кіраўнік гаспадаркі Васіль Васільевіч Юхнавец прызнаны пераможцам сярод кіраўнікоў.
Пачэсную эстафету прымае кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі “Раднік” Ю. В. Сямёнаў. Па вытворчасці бульбы мала хто можа параўнацца з “Радніком” не толькі ў раёне, але і ў вобласці. З ураджайнасцю ў 301 цэнтнер з гектара нашы бульбаводы выйшлі на другое месца ў вобласці. За што ім хвала і ўзнагарода з рук старшыні райвыканкама.
Ганаровую грамату райвыканкама і грашовыя прэміі У. П. Куранны ўручае таксама дырэктару ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаву – гаспадарка на першым месцы па вытворчасці кармоў; дырэктару КУСГП “Сіроцінскі” С. П. Басаву – гаспадарка заняла першае месца па вытворчасці насення шматгадовых траў; дырэктару ААТ “АграБаравінка” А. І. Мясаедаву – гаспадарка на першым месцы па вытворчасці і продажы малака, па ўзнаўленні статку, на трэцім – па вытворчасці кармоў; дырэктару ААТ “Ляжні” В. В. Яцко – гаспадарка ў лідарах па рамонце і добраўпарадкаванні жывёлагадоўчых памяшканняў.
А на сцэну ўжо падымаюцца лепшыя камбайнеры, механізатары, вадзіцелі, жывёлаводы. Сярод іх шмат ужо вядомых, якія з году ў год не саступаюць лідарства, ёсць і тыя, хто ўпершыню ўдастоены такога прызнання, хто захавае гэта імгненне надоўга ў сваёй памяці і будзе потым яшчэ больш старацца, каб у наступны год зноў стаяць на высокай сцэне поплеч з самымі прызнанымі працаўнікамі сяла.
Свята шанавання і ўслаўлення лепшых працаўнікоў сяла ў самым разгары. На сцэне першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В. В. Родзіч. Віктар Віктаравіч уручае граматы і грашовыя прэміі лепшым галоўным спецыялістам сельскай гаспадаркі, лепшым работнікам перапрацоўчых прадпрыемстваў, а таксама тым работнікам галіны, якія па ўмовах раённых спаборніцтваў занялі другія і трэція месцы.
Начальнік райсельгасхарчу ўручае грашовыя прэміі і шэфам. Адметна тое, што сярод іх і вучні школ раёна, навучэнцы віцебскіх ліцэяў. Яны застаюцца стаяць на сцэне, калі сюды паднімаюцца праслаўленыя людзі раёна, ветэраны сельгасвытворчасці: М. М. Рудоў – былы электразваршчык райаграпрамтэхнікі, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі; Я. С. Ганчароў – былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі, былы старшыня райвыканкама; А. С. Бегуноў – былы брыгадзір трактарнай брыгады калгаса імя Кароткіна, кавалер ордэна Леніна; В. А. Грузневіч – вядучы інжынер райаграсэрвісу, кавалер ордэна “Знак пашаны”; М. П. Грэчка – былы дырэктар саўгаса “Казьяны”; Д. Д. Мятла – былы старшыня калгаса “Ляжні”; У. П. Долгі – былы старшыня калгаса імя Леніна.
Некаторы час яны стаяць побач на сцэне: зусім юныя дзяўчаты, юнакі і тыя, хто прайшоў дарогамі жыцця не адзін дзясятак гадоў. І гэты момант вельмі кранальны.
Шчырыя добрыя песні ў выкананні народнага вакальнага ансамбля “Гарэзнікі”, вакальнай групы народнага хору “Світанак”, народнага фальклорнага калектыву “Гульбічы”, дзіцячага ансамбля “Жавароначкі”, салістаў і музыкаў Дома культуры, школы мастацтваў удала дапаўняюць віншаванні.
А свята працягваецца. Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Но-вікава выходзіць на сцэну, каб узняць на большую вышыню значэнне працы чалавека на асабістым падворку. Добрая падсобная гаспадарка, прыгажосць і парадак на сядзібе – гэта таксама вялікі ўклад у дзяржаўную праграму развіцця сяла, пераканана Ірына Мікалаеўна. За асабісты ўклад у выкананне Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых прыватных гаспадарак грамадзян і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў яна ўручае дырэктару ААТ “Прыазёрны мір” В. В. Юхнаўцу. За любоў да роднай зямлі, актыўны ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе “Мая зямля – мой родны дом”, узорны парадак і эстэтычнае ўтрыманне прысядзібнай тэрыторыі ў намінацыі “Лепшы сельскі падворак” старшыня райсавета ўручае ўзнагароды дырэктару ААТ “Ляжні” В. В. Яцко, дырэктару ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаву, дырэктару КУСГП “Сіроцінскі” С. П. Басаву.
З пачэснай місіяй – уручыць знак “Шаноўны ветэран” – выходзіць намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч называе прозвішчы тых, хто першымі ў раёне ўдастоены такой узнагароды: Л. В. Пагарэльскага – намесніка старшыні раённай арганізацыі “Беларускае грамадскае таварыства інвалідаў”, старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ “АграБаравінка”; Ф. Б. Барадулькінай – члена прэзідыума раённай арганізацыі “Беларускае грамадскае таварыства інвалідаў”, старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі ПМС; Д. А. Дземчанкі – інваліда Савецкай Арміі, старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Сіроцінскага сельсавета. З іх на свята змагла прыйсці толькі Ф. Б. Барадулькіна, пад гучныя апладысменты залы ёй уручаецца ўзнагарода.
Шанаваннем лепшых маладых работнікаў АПК віншавальны блок завяршае начальнік аддзела моладзі райвыканкама М. Я. Ганчарова.
А свята доўжыцца звонкімі светлымі песнямі, вясёлымі танцамі, пачастункамі, якія прама з выставы нацыянальных страў “Кола святаў” майстры народнага клуба “Разынка” падносяць удзельнікам свята.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №94 ад 27.11.2012 г.