І муляж-паліцэйскі
Дарожная аўтаінспекцыя ў пошуках эфектыўных метадаў прафілактыкі парушэнняў Правілаў дарожнага руху. З гэтай мэтай і з’явіліся ў нашым раёне побач з заправачнай станцыяй муляжы з выявай міліцэйскай машыны і работніка ДАІ з радарам.
“Такі макет устаноўлены з прафілактычнай мэтай, – расказвае старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ РАУС Мікалай Гаралевіч. – І такім чынам можна прымусіць вадзіцеляў інстынктыўна скінуць хуткасць. Макет выраблены ў Віцебску. А каштуе ён больш за 800 тысяч рублёў”.
Дарэчы, плоскі муляж ля заправачнай станцыі святловяртальны, гэта значыць, свеціцца ў цемры. І здалёк яго не адрозніш ад сапраўднага работніка дзяржаўтаінспекцыі. Пакуль такі муляж адзіны на Шуміліншчыне, хутка ўстановяць яшчэ на мяжы з Полацкім раёнам. Хто ведае, можа, у бліжэйшым будучым і ў нашым раёне з’явяцца і робаты-паліцэйскія (як, напрыклад, у Мінскай вобласці), якія аўтаматычна падымаюць уверх радар за некалькі метраў перад машынай.
Але некаторыя мясцовыя вадзіцелі ўжо звыкліся з несапраўдным міліцыянерам ля запраўкі і па-ранейшаму працягваюць парушаць хуткасны рэжым. Для такіх супрацоўнікі ДАІ мяркуюць наладжваць рэйды, дзяжурствы з радарам. І на гэты раз усё будзе сапраўднае: і міліцыянер, і радар, і штраф.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Опубликовано в №69 от 7.09.2010