Залог добрага ўраджаю
Насенне пад ураджай будучага года заўсёды рыхтуюць загадзя – чысцяць, сартуюць, правяраюць. Вось і сёлета пад вясеннюю сяўбу 2013 года засыпана 2570 тон насення яравых зерневых і зернебабовых. Гэтага хопіць, каб засеяць запланаваныя 11 тысяч гектараў.
Па словах начальніка раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін А. А. Шалюты, на праверку паступіла 1785 тон зерня. Але ж яно не ўсё кандыцыйнае. Па ўзыходжасці не адпавядае патрэбным якасцям 60 тон пшаніцы з “Ляжнёў”, 49 – з “Ульскага”, 37 – з “Мішневіч”. 65 тон зерня з “Прыазёрнага міру” і “Мішневіч” аказаліся некандыцыйныя па чысціні. Засмечанае насенне гэтым гаспадаркам варта паўторна ачысціць. А вось няўсходжае пойдзе хіба толькі на муку ці камбікорм. Якаснае насенне “Ляжням”, “Ульскаму” і “Мішневічам” прыйдзецца набываць ў “Лаўжанскім”, “Прыдзвінскім” ці “Сіроцінскім” – гэтыя гаспадаркі нарыхтавалі зерня з запасам.
Поўнасцю справіліся з ачысткай зерня ў “Прыдзвінскім” і “Лаўжанскім”. А ў “Шумілінскім райаграсэрвісе” на 22 лістапада справіліся па ачыстцы і праверцы зерня толькі на 52%, у “Прыазёрным міры” – на 41%. А па плану трэба падрыхтаваць зерне да 1 снежня. Наўрад ці паспеюць.
У раёне маецца 64 тоны насення лёну. Пакуль ачышчана толькі 35 тон, усе яны адпавядаюць кандыцыям па ўзыходжасці, вільготнасці і засмечанасці.
З пачатку снежня спецыялісты раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін прыступаюць да ачысткі шматгадовых траў. Усяго гэтага насення засыпана 201 тона, у тым ліку 55 тон канюшыны. Вясной плануюць закупіць яшчэ 15 тон канюшыны, бо пастаўлена задача мець у раёне не менш як 70 тон насення канюшыны.
Па насеннай бульбе. У СФГ “Раднік” засыпана ў сховішчы 1100 тон бульбы, яна будзе правярацца ў пачатку наступнага года.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №94 ад 27.11.2012 г.