Надзейна забяспечваюць спажыўцоў блакітным палівам
Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці мы сустрэліся з калектывам РВУ “Шумілінарайгаз” і яго дырэктарам Д. А. Дудкевічам.
— Дзмітрый Анатольевіч, Вы – чалавек у раёне новы. Раскажыце, калі ласка, пра сябе, сям’ю, захапленні, пра тое, як вы прыйшлі ў сістэму газавай гаспадаркі.
— Сам я з Лепеля, там нарадзіўся, вырас. У Лепелі пачаў працаваць слесарам у райгазе. У 1998 годзе пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта прыйшоў на роднае прадпрыемства працаваць інжынерам-буда-ўніком. Потым – пасада галоўнага інжынера “Бешанковічырайгазу”, перад назначэннем у сакавіку бягучага года ў Шуміліна працаваў ў апараце “Віцебскаблгазу”.
Мая апора – сям’я: жонка, дачушка і сын. Люблю парыбаліць, адпачыць на прыродзе, у лесе. Праўда, апошнім часам гэта не часта атрымліваецца.
— Прафесійнае свята – заўжды добрая нагода падводзіць вынікі. Раскажыце, якія набыткі сёння на рахунку газавай службы раёна.
— Наша прадпрыемства даволі буйное для сельскага раёна. Пастаянна развіваемся, павялічваем газатранспартныя сеткі, колькасць абанентаў, што пераходзяць на прыродны газ. У бягучым годзе дадалі 5 км газавых сетак – цяпер абслугоўваем 125 км. З 11 тысяч дамоў і кватэр, што знаходзяцца на абслугоўванні, 3,7 тыс. забяспечваюцца прыродным газам, 7,3 тыс. – звадкаваным. Рэалізавалі за 7 месяцаў 15 млн. м3 прыроднага газу (102% да 2009 г.) і 380 тон звадкаванага. Колькасць апошняга скарачаецца з-за пераводу на прыродны газ.
Добра сёлета спрацавалі на обальскім торфаўчастку. Рэалізавана прадукцыі на экспарт на 117 тысяч долараў (120% да 2009 года). У чатыры разы скарацілі страты, але з 1 верасня торфаўчастак перадаецца ВУ “Полацкгаз”.
У калектыве “Шумілінарайгазу” працуе 198 чалавек з улікам торфаўчастка. Сярэдняя зарплата на прадпрыемстве дасягнула 1 млн. 200 тысяч рублёў.
— Але ж шумілінцы ведаюць, што газам і торфам дзейнасць прадпрыемства не абмяжоўваецца. Раскажыце больш падрабязна пра іншыя накірункі работы.
— У складзе прадпрыемства гандлёва-вытворчы комплекс “Метан” – кафе і тры магазіны — харчовых, прамысловых і будаўнічых тавараў. Тут працуюць 20 чалавек. З пачаткку года комплекс спрацаваў з прыбыткам у 15 млн. рублёў. Сума невялікая, але ў 7 разоў большая ў параўнанні з мінулым годам. На 25% павялічыўся тавараабарот – дасягнуў 1,5 мільярда рублёў.
У дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Дружба” сёлета за тры змены адпачылі 420 дзяцей. Адпачывалі не толькі дзеці работнікаў “Віцебскаблгазу”, але і жыхароў Шумілінскага раёна і горада Віцебска. Штогод колькасць жадаючых перавышае магчымасці лагера, таму на будучы год плануем арганізаваць чатыры змены, што дазволіць дадаткова аздаравіць 130 дзяцей.
— Нельга абысціся і без традыцыйнага пытання аб планах. Дзмітрый Анатольевіч, раскажыце чытачам пра перспектывы развіцця прадпрыемства, у прыватнасці, па газіфікацыі населеных пунктаў раёна.
— Штогод прырастаем прыкладна на 5%. Так, да канца года пабудуем газаправоды ў райцэнтры па вуліцах Савецкая і Мінчугова, пачнецца будаўніцтва па вуліцах Фрунзе і Луначарскага. Будуецца размеркавальны газаправод у аграгарадку Башні. Пракладзены газаправоды да дамоў, што будуюцца сёлета ў Шуміліне, Мікіцісе, Светласельскім. У планах — будаўніцтва газаправоду да новай зернесушылкі ў СВК “Прыазёрны”.
У 2010 годзе плануем газіфікаваць 150 дамоў у Башнях, Прыазёрным, Пабедзе, Лоўжы, Дабеі, Шуміліне. Пры дапамозе дзяржавы пабудуем больш за 10 км газаправодаў. За кошт сродкаў насельніцтва будуць падключаны да існуючых сетак яшчэ 50 дамоў.
— Дасягненні і здабыткі прадпрыемства магчымыя толькі ў выпадку, калі кожны работнік арыентаваны на поспех, працуе адказна і сумленна. Мяркуючы па выніках вашай работы, не цяжка здагадацца, што вам пашчасціла кіраваць зла-джаным, працаздольным калектывам…
— Наш калектыў ста-більны. Многія работнікі працуюць не адно дзесяцігоддзе. Аляксандр Міхайлавіч Тупікаў на прадпрыемстве больш за 20 гадоў, яму прысвоена званне “Заслужанага работніка УП “Віцебскаблгаз” з уручэннем медаля. З нагоды свята Падзяка Віцебскага аблвыканкама аб’яўлена машыністу крана В. М. Ціхановічу.
Узнагароды УП “Віцебскаблгаз” атрымаў шэраг работнікаў. Ж. Я. Кляцко, П. В. Мядзведзеў, Л. К. Сялюта, якія адпрацавалі на прадпрыемстве больш за 25 гадоў, атрымалі званні “Ганаровы ветэран”; званне “Ветэран вытворчасці” – В. Я. Краснова і Я. С. Маеўская; А. Ф. Красіцкі ўзнагароджаны ганаровай граматай; падзякі аб’яўлены Г. Л. Чаплінскай і В. Р. Маліноўскаму; Л. В. Аксюта вылучана на Дошку гонару.
Напярэдадні свята ганаровай граматай РВУ “Шумілінарайгаз” узнагароджаны П. А. Сакалоў, В. І. Асташонак, С. В. Маркаў, А. М. Баравікоў, Н. А. Дзмітрыенка; аб’яўлена падзяка І. С. Іванову, В. Г. Хлусевіч, Л. В. Суворавай, С. Л. Бабарэнь, Р. Ю. Заблоцкаму, Л. І. Максімавай, С. А. Вязіцкай. На Дошку гонару прадпрыемства вылучаны А. А. Хашкоўскі, А. А. Бароўка, Я. А. Міронаў, А. С. Іскол, В. В. Красікава, В. І. Кавалёнак, Г. А. Крыгіна, Л. І. Кузняцова.
Віншую ўсіх работнікаў і ветэранаў прадпрыемства з прафесійным святам, жадаю далейшых працоўных поспехаў, здароўя, дабрабыту.
Опубликовано в №68 от 3.09.2010
Служба аўтатранспарту
Майстар Аляксандр Міхайлавіч Тупікаў узначальвае службу аўтатранспарту звыш дзесяці год. Пад яго кіраўніцтвам працуюць 18 чалавек, якія абслугоўваюць каля 30 адзінак тэхнікі. Аляксандр Міхайлавіч мае багаты прафесійны вопыт, у свой час ён працаваў дырэктарам прадпрыемства. Ён ведае, як важна для нармальнай працы ўсёй арганізацыі спраўнасць і надзейнасць тэхнікі.
Просты і адкрыты ў зносінах, ён адначасова патрабавальны і строгі. Аляксандр Міхайлавіч умее знайсці падыход да кожнага. “Калі чалавек бачыць, што яго разумеюць, падтрымліваюць, – дзеліцца майстар, – з ім лёгка працаваць”. І падначаленыя адносяцца да свайго начальніка з павагай.
Калі карэспандэнты раёнкі спыталі, пра каго напісаць са службы аўтатранспарту, Аляксандр Міхайлавіч адказаў коратка: “Усе спецыялісты, пра кожнага можна пісаць, як, напрыклад, пра машыніста экскаватара Уладзіміра Віктаравіча Валадзько і аўтаслесара Аляксея Аляксеевіча Бароўку”.
Захавальніца каштоўнасцяў
У падпарадкаванні гэтай жанчыны: ўсе матэрыяльныя каштоўнасці прадпрыемства: інструменты і запчасткі, газавыя балоны, будаўнічыя матэрыялы…
Алена Валянцінаўна Савельева прыйшла ў райгаз у 1988 годзе і з таго часу бездакорна працуе на пасадзе. У руках загадчыка склада РВУ “Шумілінарайгаз” каштоўнасцяў не на адзін дзесятак мільёнаў рублёў.
“Працоўны дзень пачынаецца разам з вадзіцелямі аўтамашын, што развозяць газавыя балоны. Сустракаемся ў 7.30 – трэба выдаць балоны з газам, каб машыны адправіліся выконваць заказы насельніцтва як мага раней”, — расказвае А. В. Савельева. А яшчэ трэба выдаць запчасткі, інструменты, потым запраўка транспарту, трэба прыняць балоны з газам, якія прывозяць з Віцебска, адправіць пустыя, вечарам прыняць балоны з машын у склад.
Алена Валянцінаўна абслугоўвае і пакупнікоў магазіна “Будматэрыялы” ГВК “Метан” – тавар аплачваюць у магазіне, а захоўваецца ён на складах прадпрыемства.
“Нават на бальнічным практычна не бываю, — з жартам скардзіцца яна, — бо спыніцца ўся дзейнасць прадпрыемства. Нашу службу не заўважаюць, пакуль яна добра працуе, а самы маленькі збой – адразу бачна ўсім”.
Да аўтаматызму
Аварыйна-дыспечарская служба райгазу – гэта дванаццаць гадзін змены, пастаянныя выклікі і праца, ад якой залежыць бяспека людзей. Спецыялісты, што працуюць тут, прывыклі да такой аператыўнай і адказнай службы.
Віталь Уладзіміравіч Баранаў і Уладзіслаў Энрыкавіч Вера-Брыскет (на здымку) цэняць сваю работу. Яны добра разумеюць, што іх праца нясе людзям карысць і бяспеку. Кожны іх крок, кожнае дзеянне, даведзенае да аўтаматызму, – залог поспеху іх працы.
Найперш – якасць працы
Аляксандр Тупікаў прыйшоў на прадпрыемства электрагаза-зваршчыкам, памятае, як упершыню падводзіў газ да жылога дома ў Светласельскім. “Гадоў сем назад пачаў вучыцца сакрэтам мантажу газавага абсталявання, – расказвае Аляксандр, – пашанцавала з настаўнікам – Павел Іосіфавіч Баранаў па-бацькоўску вучыў і дапамагаў мне…”
Што вызначае працу мантажнікаў А. А. Тупікава і П. І. Баранава? Найперш – якасць. Яны ўпэўнены, што гэта галоўнае ў іх рабоце.
Опубликовано в №68 от 3.09.2010