В Шумилинском районе прошла встреча руководства района с молодыми специалистами

Актуалии Молодёжь Общество Президент

“Прыйшоў ваш час”
Яшчэ ўчора яны, выпускнікі каледжа, універсітэта, акадэміі, стаялі на парозе самастойнага прафесійнага жыцця. А сёння яны – маладыя ўрачы і настаўнікі, інжынеры і эканамісты – бяруць на сябе ўсю адказнасць за рашэнне канкрэтных эканамічных і сацыяльных задач, спалучаюць тэорыю з рэальным жыццём.
Іх 125 – маладых спецыялістаў, якія прыйшлі сёлета ў наш раён. І менавіта для іх была арганізавана 9 кастрычніка сустрэча са старшынёй раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранным.
Удзел у сустрэчы прынялі таксама намеснікі старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў і В. В. Доктараў, некаторыя начальнікі аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі раённых службаў.
З прамовай да маладых звярнуўся кіраўнік раёна У. П. Куранны. Уладзімір Пятровіч шчыра вітаў новых спецыялістаў, ён расказаў, як і чым жыве раён, адзначыў, што толькі за апошняе дзесяцігоддзе ў Шумілінскім раёне створана магутная матэрыяльна-тэхнічная база ў сельскай гаспадарцы. Цалкам пераўзброены машынна-трактарны парк, узводзяцца новыя малочнатаварныя комплексы, будуецца жыллё. У раёне рашаюцца многія сацыяльныя праекты: ідзе рэканструкцыя фізкультурна-аздараўленчага комплексу, школы мастацтваў, пачата будаўніцтва праваслаўнага храма, адкрываюцца новыя гандлёвыя аб’екты, ствараюцца новыя рабочыя месцы.
Але каб ажыццявіць усе распачатыя і новыя праекты, трэба ўдвая павялічыць валавую вытворчасць і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы, адзначыў старшыня райвыканкама, трэба строга прытрымлівацца тэхналогій вытворчасці ў кожнай сферы.
У жыцці раёна яшчэ хапае праблем, якія кіраўнік раёна не хаваў ад моладзі. Гаварыў пра адмоўную дэмаграфічную карціну, дзе сваю негатыўную ролю іграе міграцыя насельніцтва, нежаданне тых жа маладых спецыялістаў пасля адпрацаванага тэрміну затрымлівацца ў раёне, пра іншыя фактары.
Разам з тым Уладзімір Пятровіч выказаў упэўненасць, што маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія сёння прыйшлі ў раён, скажуць сваё цвёрдае слова ў абранай імі прафесіі, створаць сем’і і будуць шчасліва жыць на шумілінскай зямлі.
Перад маладымі спецыялістамі выступілі таксама прадстаўнікі многіх раённых арганізацый. Так, намеснік начальніка РКЦ № 4 г. п. Шуміліна ААТ “Белаграпрамбанк” В. М. Асташонак расказала пра банкаўскія прадукты і аказваемыя паслугі. Пра гарантыі пры ўладкаванні на працу паведала в. а. старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Л. Г. Варкун. Пра паслугі, якія прадстаўляе насельніцтву раённы вузел электрычнай сувязі, праінфармавала спецыяліст па маркетынгу РВЭС А. У. Ляпёшкіна.
А Валянціна Новікава, якая зусім нядаўна сама была маладым спецыялістам, расказала, што нікуды з Шумілінскага раёна  з’язджаць не збіраецца, што яе задавальняе работа юрысконсульта ў ААТ “Лаўжанскае”, задавальняе калектыў, прадастаўленае жыллё.
Напрыканцы сустрэчы для маладых спецыялістаў быў паказаны відэафільм “Вяртанне да вытокаў”, а таксама відэаролікі пра святкаванне ў Шуміліне Дня Перамогі, пра ўшаноўванне камбайнераў-тысячнікаў, пра закладку першага камня пад будаўніцтва царквы і хросны ход вернікаў, пра адкрыццё кафэ “Клякса” і магазіна “Прастор”.
“Прыйшоў ваш час рашаць надзённыя задачы, –падкрэсліў, звяртаючыся да маладых, У. П. Куранны, – і вы, маладыя спецыялісты,  павінны быць прыкладам ва ўсім”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №81 ад 12.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *