1 кастрычніка, як і заўсёды на пачатку месяца, старшыня райвыканкама У. П. Куранны правёў пашыраную рабочую нараду, куды разам з членамі райвыканкама былі запрошаны кіраўнікі раённых службаў.
Шмат увагі кіраўнік раёна ўдзяліў жывёлагадоўлі. Галоўнае – якаснае кармленне жывёлы, падкрэсліў ён, бо толькі добрыя збалансаваныя кармы дазволяць паправіць сітуацыю са зніжэннем надояў, якое сёння выклікана пераводам кароў на стойлавае ўтрыманне. Але пра якую якасць можна весці гаворку, калі з 38 кормараздатчыкаў працуе толькі 16? У. П. Куранны яшчэ раз нагадаў, што аснова кармоў – канюшына, што кожная гаспадарка павінна працаваць на перспектыву, займацца шматгадовымі травамі.
Падрыхтоўка да зімы. Гэта тэма таксама на першым плане. Тут і падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона кацельняў, набыццё камунгасам шчэпадрабільнай машыны, упарадкаванне сельскагаспадарчай тэхнікі і мноства іншых пытанняў. Старшыня райвыканкама асаблівую занепакоенасць выказаў па водазабеспячэнні Обалі. Чарговая аварыя ў выхадныя паказала, што будаваць свідравіну ў пасёлку трэба тэрмінова, кіраўнік раёна запатрабаваў ад УП ЖКГ прыняць усе неабходныя меры, каб не зацягнуць будаўніцтва ў зіму.
На нарадзе быў прааналізаваны ход выканання даручэнняў старшыні райвыканкама, шэраг кіраўнікоў атрымалі заўвагі і дысцыплінарныя спагнанні. Былі таксама абмеркаваны пытанні добраўпарадкавання, аховы правапарадку, іншыя.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №78 ад 02.10.2012 г.