Клопаты пра ўрадлівасць палеткаў
Да пасяўной кампаніі ёсць час, але падрыхтоўка да яе ў раёне ідзе поўным ходам. Каб зямля аддзячыла добрым ураджаем, у глебу трэба ўнесці не толькі арганіку, але і мінеральныя ўгнаенні, вывазка якіх пачалася з першых дзён студзеня.
«Па папярэдніх падліках патрэбна-сць на вясеннюю сяўбу ў мінеральных угнаеннях складае 4240 тон дзеючага рэчыва, у тым ліку азотных – 1690 тон, калійных – 1800 тон, фосфарных – 750 тон, – расказала галоўны аграхімік раёна Алеся Пушнякова. – Вывозяцца як рэшткі мінеральных угнаенняў, выпісаных на базе Віцебскага аблаграсэрвісу, так і тукі новага паступлення».
СУП «Лаўжанскае» прывезла ў гаспадарку 80 тон калійных угнаенняў і 30 тон карбаміду. 17 тон калійных угнаенняў з базы Віцебскага аблаграсэрвісу вы-везлі вадзіцелі КУСГП «Сіроцінскі». СФГ «Раднік» вывезла 30 тон КАСа, 15 тон суперфасфату, 9,2 тоны карбаміду.
«Вядзецца работа і ў нашым сельга-спрадпрыемстве, – паведаміў дырэктар КУСГП «Ульскі» Уладзімір Касцюкоў. – На днях за бюджэтныя сродкі выпісалі 80 тон калію, нашы механізатары ездзілі на МАЗах забіраць тукі. Забралі і 17 тон суперфасфату. Угнаенні да вясны будуць захоўвацца на складзе».
Спецыялісты райсельгасхарчу рэкамендуюць кіраўнікам іншых сельгасарганізацый раёна не марудзіць з выпіскай і вывазам тукаў. Вясна не за гарамі, і яе варта сустракаць падрыхтаванымі…
Ларыса КІСЯЛЁВА.