Тапельца
24 верасня ў рацэ Абалянка (ля вёскі Гаравыя) знойдзены труп жыхара Обалі, які працаваў на керамічным заводзе. Якім чынам і чаму чалавек пайшоў з жыцця – высвятляецца.
Абавязаная
Жыхарка Шуміліна згодна з рашэннем суда павінна была выплачваць грошы на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей. Але дзе ўзяць тыя грошы, калі жанчына не хацела працаваць? Супраць абавязанай узбудзілі крымінальную справу па арт.174 ч. 3 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне дзяцей”. Жанчыне пагражаюць выпраўленчыя работы ад аднаго да двух гадоў або арышт да шасці месяцаў, або абмежаванне волі ад аднаго да чатырох гадоў, або пазбаўленне волі да двух гадоў.
Па гарачых слядах
Адна з жыхарак Обалі мела звычку пакідаць свой веласіпед у пад’ездзе. Аднойчы веласіпеда не стала. Жанчына звярнулася ў міліцыю. Па гарачых слядах прапажа была знойдзена. Веласіпед прыбраў да рук мясцовы жыхар. Украдзенае канфіскавана і вернута гаспадыні.
Злачынствы
За студзень-жнівень са 172 злачынстваў 53 здзейснілі раней судзімыя жыхары раёна. Гэта на дзесяць больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У стане алкагольнага ап’янення здзейснілі 54 злачынствы. У грамадскіх месцах зарэгістравана 40 правапарушэнняў.
ЛПП
У гэтым годзе ў лячэбна-працоўны прафілакторый накіравана 17 чалавек (столькі ж было і летась). Нямала і яшчэ кандыдатаў.
Сутыкненне
24 жніўня на вуліцы Ленінскай у Шуміліне адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхар райцэнтра на аўтамабілі “Форд” выязджаў з прыдамавой тэрыторыі на вуліцу Ленінскую і не ўступіў дарогу “Фольксвагену”, які рухаўся па галоўнай дарозе. Абодва аўтамабілі пашкоджаны, людзі не пацярпелі.
Як высветлілася, абодва вадзіцелі былі цвярозыя. На вадзіцеля “Форда” складзены пратакол, яму пагражае штраф памерам да пяці базавых велічынь.
На мапедзе
У а.-г. Мікіціха супрацоўнікі ДАІ спынілі мясцовага жыхара, які нецвярозы ехаў на мапедзе “Атлант”. Да таго ж, мапед не быў зарэгістраваны, а вадзіцель быў без шлема. На вяскоўца складзены тры адміністрацыйныя пратаколы, яму пагражае штраф да 4 мільёнаў рублёў.
На МТЗ
Супрацоўнікі РАУС затрымалі нецвярозага мясцовага жыхара, які ехаў на трактары «Беларус». Вяскоўцу пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады і штраф 2 мільёна рублёў.
У кювеце
Непрацуючы жыхар в. Андрэева ехаў на аўтамабілі “Аўдзі” праз в. Бубалі. Не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Машына пашкоджана. Але вадзіцель не паведаміў аб ДТЗ у ДАІ. Больш таго, ён з’ехаў з месца дарожна-транспартнага здарэння. На вяскоўца складзены адміністрацыйны пратакол. Яму пагражае штраф да 2,5 мільёна рублёў.
Па матэрыялах РАУС
падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.