Районный чемпионат по колке дров «Шумилинщина рубит!»прошёл в Шумилино

Главное Общество Спорт, туризм

Рубілі так, што ажно   шчэпкі ляцелі

Раённы чэмпіянат па колцы дроў «Шуміліншчына рубіць!» сярод працоўных калектываў і кіраўнікоў арганізацый стаў у мінулую суботу галоўнай падзеяй свята «Маладзецкім забавам снег не перашкода».

За званне лепшых дрывасекаў-аматараў змагалася 18 каманд, у асабістым заліку – 6 жанчын і 15 мужчын – кіраўнікі арганізацый ці іх намеснікі. Чэмпіянат прайшоў пад эгідай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь». На гарадскім стадыёне было весела і горача, дровы рубілі так, што ажно шчэпкі ляцелі ў розныя бакі. Пры гэтым ніводная сякера не пацярпела! Важнай і галоўнай умовай турніру было захаванне правілаў бяспекі: арбітры пільна сачылі, каб усе выступалі ў акулярах і пальчатках.

Нагадаем, што ініцыятыва правядзення падобных спаборніцтваў належыць Прэзідэнту нашай краіны Аляксандру Лукашэнку. Чэмпіянат сярод сродкаў масавай інфармацыі ў гэтым годзе прайшоў ужо ў трэці раз, і па традыцыі непасрэдны ўдзел у ім прыняў кіраўнік краіны, прадэманстраваўшы майстар-клас па спрадвечным сялянскім занятку. Сёлета флэшмоб, пачаты Прэзідэнтам, падхапілі многія раёны Віцебшчыны. Пра гэта падчас вітальнага слова ўзгадаў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і выказаў спадзяванне, што мерапрыемства стане і ў нашым раёне традыцыйным і любімым.

Спаборніцтвы пачаліся з камандных выступленняў (два мужчыны і адна жанчына). Па ўмовах конкурсу мужчынам трэба было рассячы на хуткасць калоду на 6 паленцаў, жанчынам – на чатыры. Галоўнае не перамога, а ўдзел, гаварылі многія, але на пляцоўцы ўсё адно стараліся з усіх сіл, выкладваліся на ўсе 100 працэнтаў, чым і выклікалі бурную і гарачую падтрымку ў балельшчыкаў.

«Дровы апошні раз секла гадоў дваццаць ці трыццаць таму, –– прызналася кіраўнік Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Ларыса Маладзечкіна. – Каманду ніяк не магла падвесці. Знайшла смеласць прыняць удзел. Адзін вечар брала ўрокі па колцы ў калегі Вячаслава Кавалёнка. Вельмі старалася. Рада, што справілася добра». А вось некаторыя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва – з раёна электрычных сетак, УП ЖКГ, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – дык і наогул прадэманстравалі вышэйшы пілатаж, далі фору калегам-мужчынам. Вось ужо, сапраўды, нашым беларускім жанчынам усё па плячы: і дзяцей нараджаць, і супы варыць, і на абцасах хадзіць, і дровы калоць па-сапраўднаму. Хаця былі і такія, хто сякеру трымаў у руках ці не першы раз – тым цікавей былі іх разборкі.

 

А вось мужчыны адчувалі сябе на пляцоўцы больш упэўнена. Бачна было, што са справай яны знаёмыя, сякеру ў руках адназначна трымалі, ведаюць галоўныя лайфхакі, маюць свае сакрэты колкі. Многія на чэмпіянат прыйшлі са сваім апрабаваным інструментам, які адчуваюць і якому давяраюць. Па-гаспадарску, адным словам!

Тон задавалі многія: і старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, які выступаў за каманду райвыканкама, і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, які выступаў у складзе каманды сельскіх Саветаў дэпутатаў, і дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў з дырэктарам СДЮШАР Алегам Асташонкам, якія ўзначалілі свае каманды. Узрост у выніку не меў практычна ніякага значэння: «рубіла фішку» як моладзь, так і вопытныя заўзятыя дрывасекі. Яўных фаварытаў на перамогу назваць было вельмі складана. У тым і заключалася інтрыга.

 

 

 

Індывідуальны залік прайшоў не менш азартна і захапляльна. Спачатку на пляцоўцы выступілі кіраўнікі-жанчыны. Дакладнае валоданне сякерай і хуткія секунды прадэманстравала дырэктар Башнёўскай базавай школы Валянціна Скірман, зноў жа ўдала выступілі Ларыса Маладзечкіна, Святлана Батакова з РЦГЭ. У мужчын-кіраўнікоў па-ранейшаму было ўсё стабільна моцна і выверана. Многія, як, напрыклад, першы намеснік начальніка РАНС Алег Даніловіч і начальнік раённага ўчастка электрычнай сувязі Юрый Маскалькоў прадэманстравалі свае асабістыя падыходы ў колцы. Поспех заключаўся ў хуткасці выканання задачы –– мужчынам трэба было рассячы калоду на 8 частак, жанчынам – на 6.

 

 

 

І вось выніковы камандны пратакол гатовы. Тройка лідараў чэмпіянату па колцы дроў «Шуміліншчына рубіць!» выглядае так: сярод арганізацый «золата» –– у трыа Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных ар-анізацый Шумілінскага раёна, «срэбра» –– у каманды УП ЖКГ Шумілінскага раёна, «бронза» –– у каманды Шумілінскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У індывідуальным заліку лепшыя вынікі паказалі дырэктар Башнёўскай базавай школы Валянціна Скірман і начальнік участка электрычнай сувязі Юрый Маскалькоў. Граматы і кубкі пераможцам уручыў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык.

 

 

Многія цікаўныя гледачы задавалі пытанне: куды дзенуць нарыхтаваныя падчас чэмпіянату дровы? Расказваем. Загружаны палівам прычэп (дровы, дарэчы, пагрузілі члены ваенна-патрыятычнага клуба «Юны гвардзеец» Шумілінскай СШ №1 разам з кіраўніком Сяргеем Сахончыкам) адправіўся да жыхаркі вёскі Сіроціна Вольгі Уладзіміраўны Габрусёнак, якая ўсё жыццё адпрацавала на карысць раёна і сёння мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Увечары ў той жа дзень старшыня Сіроцінскага сельсавета Аксана Шынкевіч паведаміла рэдакцыі, што тавар дастаўлены адрасату. Пенсіянерка была вельмі кранута ўвагай і шчыра дзякавала ўсім за аказаную дапамогу.

Спаборніцтвы прайшлі відовішчна, ярка і весела, раскрылі працоўныя сілы, умацавалі камандны дух і далі магчымасць у чарговы раз пераканацца ў тым, што разам мы вялікая сіла.

* * *

Дапоўнілі раённае свята яшчэ некалькі цікавых спартыўна-забаўляльных лакацый на любы густ і ўзрост. Добрым настроем і пазітывам зарадзілі калядоўшчыкі, якія спявалі, танцавалі, цешылі народ жартамі і пацешкамі, вадзілі карагоды.

Правесці некалькі гадзін на свежым паветры, паўдзельнічаць у эстафетах “Старт–азарт” і “Вясёлая зімовая эстафета” – цудоўны адпачынак для выхаднога дня. Перамог у «Вясёлай зімовай эстафеце» калектыў дзіцячага сада № 4 г. п. Шуміліна, другое месца – у каманды ОКЗ, трэцяе – у райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Для удзельнікаў і гасцей свята былі арганізаваны гандлёвыя рады, можна было пагрэцца гарачым чаем і кавай, падсілкавацца юшкай, кашай і выпечкай.

ДЗЕЛІМСЯ ЎРАЖАННЯМІ

Наталля Вінаградава:  Мерапрыемства проста супер! Вось на такім пазітыве трэба праводзіць выхадныя дні, а не ляжаць на канапе перад тэлевізарам. З задавальненнем глядзела, як рубяць дровы ўдзельнікі. Мы з калегамі не секлі дровы, але ж камандай удзельнічалі ў зімовых эстафетах і занялі першае месца, чаму бязмежна рады.

Сяргей Пашкевіч: Прымаў удзел у спаборніцтвах у складзе каманды ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Вырас у вёсцы, дровы ўмею калоць з дзяцінства, таму хваляванняў не было. Але каб на хуткасць рубіць – такое ў маім жыцці ўпершыню.

Юрый Маскалькоў: Арганізацыя мерапрыемства на вышыні! Стаць лепшым у індывідуальным заліку мне, напэўна, дапамагла асабістая сякера, якую прынёс з сабой. У такой справе нельга карыстацца чужым інструментам.

Алег Даніловіч: Здорава! Відовішчна! Такія спаборніцтвы, якія падтрымліваюць ініцыятыву Кіраўніка нашай дзяржавы па рубцы дроў, – выдатная ідэя! Мерапрыемства аб’яднала людзей, калектывы, сем’і. Была нагода паказаць, што мы таксама можам рубіць так, каб шчэпкі ляцелі!

Алена КАРПУШЭНКА, Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *