Жить до 100 и не стареть

Людзі і лёсы Общество

Л. Е. Вильневская

Наша Эдзіта П’еха
Прапаноўваць Ларысе Емяльянаўне Вільнеўскай стаць  героем газетнай паласы, прысвечанай Дню пажылога чалавека, было, шчыра кажучы, няёмка.  Але як тады, скажыце, пераканаць нашых жанчын і не толькі іх у тым, што зусім не гадамі мераецца жыццё, што сапраўды можна быць шчаслівым у любым узросце, што прыгажосць і бадзёрасць духу — прывілея не толькі маладых.
Мы дамовіліся сустрэцца апоўдні: Ларыса Емяльянаўна забегла ў рэдакцыю па дарозе ў Віцебск. “Да сына еду. Ён жа новую кватэру купіў, а я яе і не бачыла яшчэ”, — расказвае, а я адзначаю для сябе: яна нязменна з макіяжам і прычоскай – ну, маладзец.
— Скажыце, а як Вам удаецца так добра выглядаць заўжды, — адным выстралам стараюся забіць двух зайцаў: і камплімент зрабіць, і даведацца пра такія-сякія жаноцкія штучкі.
— Ведаеце, я нават, калі паміраць буду, загадаю, каб мне зрабілі макіяж, — смяецца жанчына, — а наогул, чалавек у першую чаргу павінен працаваць. Нягледзячы ні на што: ні на ўзрост, ні на якія іншыя абставіны. Як сказаў адзін з герояў фільма “Забіць Біла” (памятаеце, з Умай Турман у галоўнай ролі?): “Нішто так не забівае пажылых людзей, як адыход на пенсію”. Таму – абавязкова праца. І тут ужо няважна: працуеш ты па прафесіі, ці маеш іншую важную для сябе справу. Калі няма такой справы – усё, чалавек гіне.
— Ну, у Вас у гэтым сэнсе ўсё ў парадку, колькі Вы ўжо доктарам працуеце?
— Я працую ўрачом з 1966 года, — кажа Ларыса Емяльянаўна.
— Магу меркаваць, што і пацыенты, прыходзячы да Вас на прыём, убачыўшы перад сабой такога бадзёрага, актыўнага і прыгожага доктара, аптыміста, таксама набываюць жаданне “ўзяцца”, што называецца, за сябе?
— Канешне, для хворых урач, ды і наогул, медыцынскі работнік, павінен быць прыкладам. Калі ўрач выглядае добра, то і хворыя будуць імкнуцца да гэтага ж, нягледзячы ні на якія хваробы. Я ў гэтым пераканана.
— Як жанчына, не магу не пацікавіцца, дзе Вы апранаецеся, як падбіраеце сабе гардэроб? З Вас жа смела і маладым модніцам можна браць прыклад.
— Ведаеце, неяк мне адна жанчына прызналася, што мяне ў Шуміліне за вочы завуць “наша Эдзіта П’еха”.  Кажа, мы заўжды з вас бярэм прыклад.  Мяне гэта, канешне, здзівіла, але тым не менш. А я раней, прызнаюся, апраналася толькі ў шумілінскім універмагу, таму што тады тут прадаваліся выдатнейшыя імпартныя рэчы. Цяпер па-рознаму прыходзіцца.
— А вось Ваш нязменна малады выгляд — гэта нейкі асаблівы догляд за скурай: можа, падзеліцеся рэцэптам?
— Ніякага асаблівага рэцэпту ў мяне няма. Проста і маці, і цёткі – усе, шчыра прызнаюся, добра выглядалі да самых сталых гадоў. І ўсе ў нашым родзе – доўгажыхары. Таму, напэўна, гены.  І наогул, макіяж я раблю толькі, калі іду на працу. Ёсць жанчыны, што і смецця не вынесуць не прыбраныя. Я не такая. Скура абавязкова павінна адпачываць.
— А што б Вы як урач, як жанчына парэкамендавалі ў выпадках, калі тэрмінова трэба ўзбадзёрыцца, пазбавіцца ад стомы і дрэннага настрою, карацей, быць — як Вы?
— Вялікіх адкрыццяў не зраблю: у першую чаргу — гэта сон. Я сама стараюся класціся спаць не пазней за 23 гадзіны і ўстаю а палове сёмай. На працу мне да 8 гадзін, а значыць, я паспяваю без спешкі сабрацца, зрабіць усё, што мне трэба. Значыць, сон, ну, і канешне, не пераядаць.
— А як жа зарадка? Ці робіце?
— Не, не раблю.
— А як жа так, пацыентам, жа, пэўна, рэкамендуеце?
— Ведаеце, што я вам павінна сказаць? Праз сілу нічога рабіць не трэба. Рабіць варта толькі тое, што патрабуе твой арганізм. Таму што павышаныя нагрузкі – гэта свайго роду стрэс для арганізма. Кожны чалавек жыве ў сваім прывычным рытме: пад’ём – сняданак – праца – абед – прагулка і гэтак далей. І калі такі выпрацаваны гадамі рытм збіваецца, то гэта вялікі стрэс для арганізма. А значыць – шкода. Трэба лавіць свае хвалі,  умець слухаць уласны арганізм.
— А ў харчаванні. Вось Вы кажаце, што не варта пераядаць. А што лепш есці? Якое ў Вас меню?
— Зараз дужа модна рэкамендаваць рыбу, морапрадукты… Я ем тое, што ёсць, ніякіх дыет не прытрымліваюся. Часта можна пачуць: ой, трэба пахудзець, не буду нічога есці. Наадварот – трэба есці. Малымі порцыямі, але часта. А так, бывае, некаторыя з раніцы яшчэ вытрымліваюць, не ядуць, а бліжэй да вечара наядуцца і спаць кладуцца.
— Скажыце, а Вы згодныя з думкай, што ў 40 гадоў жыццё толькі пачынаецца?
— Абсалютна згодная.
— А з тым, што сталаму куды меней трэба, чым маладому? Што і жаданняў і патрэб у іх меней?
— Мне цяжка з гэтым пага-дзіцца, бо менавіта ў сталым узросце я пабачыла свет, спазнала безліч непаўторных уражанняў.  Я шмат дзе пабывала. Дачка мая жыве ў Германіі. Дык вось, я была ў Германіі, была ў Францыі, Фінляндыі, Венгрыі, Італіі. Як жа я марыла пра гэтую Італію: прачытала кніжку пра Мікеланджэла і захацела ўбачыць усё на свае вочы. І я гэта ўбачыла. Была ў Галандыі на свяце кветак, у Ізраілі была. Наступнае сваё падарожжа планую ў Іспанію.  Я шмат дзе пабывала, шмат чаго бачыла і лічу, што гэта самае вялікае багацце ў жыцці. Так што жаданняў і патрэб з узростам менш не становіцца.
— Часта чалавек перад пенсіяй, такой яўнай мяжой паміж актыўным жыццём, маладосцю і сталасцю ўпадае ў дэпрэсію, маральна пакутуе і не можа з гэтым справіцца. Што б вы парэкамендавалі ў такім выпадку.
Ведаеце, у маім жыцці былі розныя перыяды, былі і складаныя. Але ўсе кажуць, што я моцная жанчына. Напэўна, моцная. Таму мне незнаёмы такі стан. Трэба прымаць жыццё такім, якое яно ёсць, бо мы на сваім узроўні яго перарабіць не ў стане. Нам застаецца толькі радавацца кожнаму новаму дню, новым магчымасцям, жыць у тым свеце, які нам прапанаваны. Старацца рабіць гэта гарманічна.
І пад заслону нашай гутаркі я прапанавала Ларысе Емяльянаўне невялікае бліц-апытанне:
калі спадніца, то… няважна, самых розных форм і фасонаў;
калі дэсерт, то… марожанае;
калі адпачынак, то… падарожжа;
калі кніга, то… класіка;
калі песня, то… “Снегапад”;
калі падарунак, то … духі;
калі пара года, то… канешне, лета.
Наталя ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №77 ад 28.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *