Кто сказал, что соя – культура южная

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Соевое поле в КФХ "Родник"

Рызыкнулі. І атрымалася
А вы бачылі соевае поле? Напэўна, не памылюся, калі адкажу, што далёка не кожны. І каб яго знайсці, не трэба ехаць на Гомельшчыну і Брэстчыну,  соевае поле значна бліжэй – у   сялянска-фермерскай гаспадарцы “Раднік”. Менавіта яна (заўважым, адзіная гаспадарка Віцебскай вобласці) ў гэтым годзе ўзялася за новую справу – вырошчванне соі.
Для раёна, як і для вобласці ў цэлым, гэта новая культура. І кіраўнік СФГ “Раднік” Ю. В. Сямёнаў разам з галоўнымі спецыялістамі гаспадаркі з энтузіязмам узяліся за вырошчванне гэтай культуры. У навукова-даследчым інстытуце ў Мазыры купілі насенне ранне-спелага гатунку “прыпяць”.
“Рызыкнулі, – кажа Юрый Віктаравіч. – Да нядаўніх пор лічылася, што ў нашых умовах вырасціць сою немагчыма. А мы  вырашылі адвергнуць гэты міф і даказаць адваротнае”. І даказалі: тыя сямнаццаць гектараў соі, што зараз растуць ля вёскі Лабейкі, радуюць вока. Поле роўнае, чыстае, без пустазелля. Соя зялёна-жаўтаватай коўдрай шчыльна  пакрывае поле.
Соевае сцябло само па сабе невысокае. Трэба сагнуцца, каб яго расхінуць. На кожным парастку – стручкі. Як  у гароху ці фасолі. “З гэтых стручкоў і атрымліваюць потым соевы алей, – тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Л. М. Прыгун. – Сою дадаюць у розныя прадукты харчавання.

Соя

Але ж мы яе пакуль не будзем  нікуды здаваць. Наша задача – атрымаць насенне, каб у наступным годзе пашырыць соевыя палеткі. Да таго ж, насенне соі каштуе нятанна – каля дзесяці мільёнаў рублёў за тону”.
Палова стручкоў на соевым полі пажаўцелі, так што праз некалькі дзён сюды прыйдуць камбайны. У “Радніку”  падлічылі, што рэнтабельнасць вырошчвання соі вышэйшая, чым зерневых. Па папярэдніх дадзеных, ураджайнасць соі чакаецца больш за 10 цэнтнераў з гектара.
Сапраўдны гаспадар павінен загадзя ўлічыць усе плюсы і мінусы любой культуры. “У дадзеным выпадку плюсоў аказалася больш, – гаворыць Юрый Віктаравіч. – Мы не імкнёмся да валавых паказчыкаў, а цэнім эканамічную выгаду ад кожнай культуры. А соя, у дадатак, абагачае глебу азотам. Яна – высокабялковая культура, утрымлівае больш за 40% бялку  і больш за 20% тлушчу. Таму  вельмі запатрабавана ў жывёлагадоўчай галіне. Але ж купіць яе можа дазволіць далёка не кожнае сельгаспрадпрыемства, бо тона каштуе каля 800 долараў.  Пакуль мы напрацоўваем вопыт. З тым разлікам, каб у далейшым сою вырошчваць і для патрэб жывёлагадоўлі, і на насенне, і на сыравіну. Вядома, галоўным нашым імпарцёрам будзе дзяржава. Бо бялковай сыравіны зараз у рэспубліцы не хапае і гэта пытанне дзяржаўнага кшталту”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *