Есть такая профессия — социальный работник

Общество

Спяшаецца на дапамогу людзям

З вялікай адказнасцю адносіцца да сваіх абавязкаў Святлана СУХАРЭЎСКАЯ, прозвішча якой занесена на Дошку гонару Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сёмы год яна працуе сацыяльным работнікам і дапамагае людзям.

Святлана Сухарэўская абслугоўвае 9 жыхароў райцэнтра, якія пражываюць на вуліцах Юбілейная, Кароткіна, Сіпко, Мінчугова, Ленінская. Самаму сталаму падапечнаму 86 гадоў, самаму маладому – 63 гады (ен інвалід 1 групы).

«Сваю работу люблю, адчуваю задавальненне ад таго, што дапамагаю людзям, – кажа Святлана. – Калі бачу радасць у вачах падапечных і ўдзячнасць за мой клопат, то і сама ўсміхаюся. У сацыяльныя работнікі трапіла, можна сказаць, выпадкова. Дваццаць гадоў адпрацавала дзяжурнай на чыгуначнай станцыі, звольнілася адтуль па сямейных абставінах. Паспрабавала сябе ў якасці ахоўніка, але не надоўга. Тут мяне ўладкоўвае і графік, і нюансы работы».

Нядаўна муж на дзень нараджэння падарыў Святлане электравеласіпед, што значна спрасціла работу.

«Я вельмі задаволена сваёй памочніцай, – кажа пра сацыяльнага работніка падапечная Людміла Якаўлева. – Яна як палачка-выручалачка, усё паспявае. Дзякуй ёй за сумленнасць, разуменне, маральную падтрымку і дапамогу».

Больш работы ў Святланы Сухарэўскай у прыватным сектары – трэба і вады з калодзежа нанасіць, і дроў у грубку накласці, і на падворку прыбраць. Але гэта жанчыну не пужае – яна сама жыве ў доме, прывыкла да фізічнай працы, бачыць, што і дзе трэба паправіць. А яшчэ разумее, як важна выслухаць падапечных. Сярод абслугоўваемых ёсць двое адзінокіх людзей, якім акрамя сацыяльнага работніка і пагаварыць няма з кім.

І яны тэлефануюць ёй і ў выхадныя, і позна вечарам. Святлана, яе муж і сын-васьмікласнік прывыклі да такіх званкоў і з разуменнем адносяцца да гэтага.

«Сярод сацыяльных работнікаў не бывае выпадковых людзей, тут застаюцца толькі тыя, хто любіць людзей, спагадлівы і чулы па натуры, – заўважае дырэктар цэнтра Таццяна Донюш. – Святлана Сухарэўская шчырая і адказная, разумее чужы боль».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *