«Важна захаваць і прадоўжыць станоўчую дынаміку»
2024 год практычна на зыходзе, і самы час падводзіць вынікі работы, аналізаваць, чаго ўдалося дабіцца, а на што не хапіла рэсурсаў, жадання ці арганізаванасці, на што рабіць упор на наступны год.
Папярэднія вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2024 годзе і прагнозы на будучы год абмеркавалі ўдзельнікі пасяджэння райвыканкама ў мінулую пятніцу, 20 снежня, на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Галынчыкам. Удзел у пасяджэнні прыняў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.
Выкананне ўсіх чатырох мэтавых паказчыкаў і 12 з 17 заданняў, даведзеных аблвыканкамам раёну, –– такія папярэднія вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2024 год, агучыў у дакладзе намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях эканомікі Аляксей Сапо.
Так, за 11 месяцаў сукупныя паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту раёна склалі 115,2% пры гадавым заданні 109,8%; тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал – 114% пры заданні на год 103%; тэмп росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы – 120,3% пры заданні 112,9%; зніжэнне выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, работ, паслуг («мінус» 10,9%, заданне «мінус» 2,5%).
З прагнозных паказчыкаў, якія аказваюць уплыў на развіццё раёна, не забяспечана выкананне задання па індэксе прамысловай вытворчасці, тэмпах росту аб’ёму будаўніча-мантажных работ, тэмпах росту экспарту тавараў і рэнтабельнасці продажаў.
Прамысловасць. У сувязі з завяршэннем інвестыцыйнага праекта на Обальскім керамічным заводзе ёсць усе падставы спадзявацца на тое, што ў 2025 годзе будзе забяспечаны індэкс прамысловай вытворчасці на ўзроўні 106% да 2024 года за кошт выпуску і рэалізацыі прадукцыі як на ўнутраным рынку, так і на рынках дружалюбных краін.
Ключавымі задачамі ў прамысловасці раёна, якая фарміруе амаль 20% выручкі раёна, у 2025 годзе ўлады ставяць павышэнне эфектыўнасці дзейнасці арганізацый за кошт павелічэння загрузкі вытворчых магутнасцей, глыбіні перапрацоўкі сыравіны і аптымізацыі выдаткаў, рэалізацыю імпартазамяшчальных праектаў і стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, у тым ліку суб’ектамі малога і сярэдняга бізнесу, нарошчванне экспартнага патэнцыялу.
Сельская гаспадарка. Ёсць пэўныя вынікі ў АПК. Тэмп росту вытворчасці прадукцыі раслінаводства склаў 124,5%, прадукцыі жывёлагадоўлі – 104,1%. Вышэй за мінулагоднія паказчыкі па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы і надоях малака. Вытворчасць малака павялічылі ўсе сельгасарганізацыі, за выключэннем ААТ «Прыазёрны мір (98,6%). А вось павялічыць раённае пагалоўе БРЖ не ўдалося. Сёлета ў раёне значна больш нарыхтавана кармоў у пераразліку на кармавыя адзінкі (35,7 тыс. тон, 129,5%), у разліку на ўмоўную галаву жывёлы для грамадскага пагалоўя – 32,2 ц (летась – 24,1 ц). Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур склаў 11,8 тыс. тон (тэмп росту – 134,1%) пры ўраджайнасці 17 ц/га (летась – 13,2 ц/га). З чыстымі стратамі спрацавала СУП «Лаўжанскае».
Інвестыцыі. На развіццё эканомікі раёна за студзень-кастрычнік 2024 года накіравана 47,2 млн. руб. інвестыцый у асноўны капітал (114%). Амаль 63% ад агульнага аб’ёму інвестыцый склалі ўласныя сродкі прадпрыемстваў. У прыватнасці, былі рэалізаваны праекты на ААТ «Обальскі керамічны завод, ТАА «Вітконпрадукт», СШ № 2, РВЭС РУП «Белтэлекам», УП ЖКГ, ДЛГУ «Шумілінскі лясгас» і інш.
Гандаль.На тэрыторыі раёна адкрыты 4 стацыянарныя гандлёвыя аб’екты агульнай плошчай 206,3 кв. м, 3 аб’екты грамадскага харчавання (буфет у ЦРБ, міні-кафэ «Сушы-Дом», кафэ «Калібры»).
Знешнеэканамічная дзейнасць. За 9 месяцаў у цэлым не забяспечана заданне па экспарце тавараў –– рост забяспечылі толькі ТАА «Вежа» і лясгас.
Зарплата. У 2024 годзе захавана станоўчая дынаміка росту заработнай платы. Сярэднямесячная зарплата ў студзені–кастрычніку склала 1627 рублёў (120,3% пры заданні 112,9%).
Дакладчык агучыў і мэтавыя паказчыкі, якія ўстаноўлены раёну на 2025 год:
– намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата –110,8%;
– інвестыцыі ў асноўны капітал – 107,0%;
– сукупныя паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту раёна –109,9%;
– зніжэнне ўзроўню выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі (работ, паслуг) – «мінус» 1,7%.
На пасяджэнні былі заслуханы справаздачы кіраўнікоў арганізацый, якія не забяспечылі выкананне заданняў (ОКЗ, ААТ «Прыазёрны мір», Шумілінская ПМК-70).
«Наступны год будзе завяршальным у пяцігодцы, а значыць і вызначальным, –– падсумаваў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык. – Важна захаваць і прадоўжыць станоўчую дынаміку. А гэта значыць, што кожнаму трэба будзе прыкласці максімум намаганняў для выканання заданняў, якія неабходныя ў першую чаргу для эканамічнай незалежнасці краіны і росту ўзроўню жыцця беларусаў».
Даклад аб выкананні раённага бюджэту за 11 месяцаў 2024 года і праект бюджэту на наступны год прадставіла намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Аксана Лебедзева.
Алена КАРПУШЭНКА.