Цэны на гародніну: ніжэй можна, вышэй – нельга
У гандлёвых аб’ектах краіны з кастрычніка бягучага года да красавіка 2025 года на гародніну ўстаноўлены максімальныя рознічныя цэны, якія нельга перавышаць.
Гэта прадугледжана Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16.10.2024 года № 713 (5) “Аб змяненні пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2022 года № 713”. Ці прытрымліваюцца ў гандлёвых аб’ектах раёна вызначаных памераў, правяраюць спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама.
У снежні быў праведзены маніторынг дзесяці гандлёвых аб’ектаў.
«У асноўным у магазінах новыя правілы выконваюцца, – расказала галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Вольга Лабейка. – Разам з тым выяўлены і парушэнні. Так, у магазіне ў в. Прыазёрная меліся ў продажы бульба па 1,56 руб. і буракі па 1,54 руб. за кг. У адной з крам у Обалі цыбулю прадавалі па 1,70 руб. за кг, капусту – па 1,30 руб. за кг. А, між іншым, на снежань устаноўлены наступныя максімальныя рознічныя цэны за кілаграм гародніны (як айчыннай, так і замежнай): бульба – 1,06 руб., капуста – 1,19 руб., морква – 1,15 руб., буракі – 1,1 руб., цыбуля – 1,56 руб., яблыкі – 3,13 руб., агуркі – 8,85 руб. На гаспадароў магазінаў, якія завысілі цэны, будуць складзены адміністрацыйныя пратаколы. За парушэнне юрыдычнай асобе або індывідуальнаму прадпрымальніку пагражае немалы штраф – да 20 БВ».
Якія максімальныя рознічныя цэны ўстаноўлены на гародніну на студзень-май наступнага года? Бульба (за выключэннем памытай) не павінна будзе перавышаць 1,12 руб. у студзені, у лютым і сакавіку 1,10 руб., у красавіку – 1,11 руб., у маі – 1,16 руб. Капуста не павінна будзе каштаваць вышэй за 1,33 руб. у студзені, і далей па месяцах – 1,40 руб., 1,37 руб., 1,47 руб. і 1,80 руб., цыбуля адпаведна – 1, 68 руб, 1,80 руб, 1, 84 руб., 1,88 руб., 2,04 руб., морква, адпаведна – 1,30 руб., 1,40 руб., 1,45 руб., 1,56 руб. і 2,08 руб.; буракі (акрамя памытых) – 1,24 руб. у студзені і лютым і далей па месяцах – 1,30 руб, 1,39 руб., 1,92 руб. Яблыкі кожны месяц будуць даражэць (3,24 руб., 3,47 руб., 3,83 руб., 4,21 руб., 4,53 руб.), а вось свежыя агуркі да вясны падзешавеюць (8,61 руб., 8,40 руб., 7,28 руб., 7,56 руб., і ў маі – 4,69 руб.).
Да слова. Сёлета спецыялісты аддзе-ла эканомікі райвыканкама правялі 9 праверак магазінаў, падчас якіх выявілі 7 парушэнняў. Маніторынгі будуць працягвацца.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Пра ўсе парушэнні правілаў гандлю, у прыватнасці пра завышаныя цэны на гародніну можна паведамляць на «гарачую лінію» МАРГ па тэлефоне 8(0212)63-95-22.