А вы павешалі кармушку?
Вучні Мішневіцкай школы паклапаціліся пра птушак яшчэ ў кастрычніку-лістападзе – на ўроках працоўнага навучання выраблялі кармушкі для птушак.
Зараз вакол школы развешаны з дзясятак кармушак розных памераў. І за кожнай з іх замацаваны вучні пэўных класаў: дзеці па чарзе насыпаюць корм. У дапамогу вучням – хлопчыкі і дзяўчынкі дашкольнага лясніцтва “Лесавічок”.
Мы засталі за кармленнем птушак вучаніц чацвёртага класа.
– Прыношу птушкам сланечнікавыя семкі і пакрышаны батон, – расказала Даша Сталярова.
– У нашы кармушкі прылятаюць сінічкі, вераб’і і сойкі. У мінулым годзе былі і снегіры. Сёлета іх яшчэ не бачылі, напэўна, не прыляцелі таму, што снегу мала, – далучылася да размовы Каця Іванова.
– Нам падабаецца карміць птушак. Ім жа дрэнна зараз здабываць корм, бо насякомыя зімой не лятаюць, – робіць сваю выснову Віка Пераяслава.
Выраб кармушак і кармленне птушак – гэта і працоўнае навучанне, і экалагічнае, урокі дабрыні і спагады. Дзеці разумеюць, што іх клопат і догляд дапамогуць птушкам перажыць цяжкасці зімы, захаваць сілы, каб вясной і летам зберагчы сады ад шкоднікаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.