На дарогах машыны з зімовымі шынамі?
З 1 снежня на ўсіх аўтамабілях павінны стаяць зімовыя шыны. Ці ўсе выканалі дадзенае патрабаванне правілаў дарожнага руху і чым пагражае ваджэнне на летніх шынах – карэспандэнт раённай газеты дазналася падчас сумеснага вячэрняга рэйду з інспектарамі ДПС ДАІ РАУС.
Інспектары дарожна-патрульнай службы Яўген Сташонак і Дзмітрый Шуміла расказалі, што ў першыя зімовыя дні парушальнікаў з летнімі шынамі яны не сустрэлі.
Наступныя дні паказалі, што не ўсё так аптымістычна. Падчас рэйду на аўтадарозе Р-20 затрымалі мясцовага жыхара на «Фальксвагене», на аўто якога – летнія шыны. «Не паспеў «пераабуцца», – шчыра прызнаўся вадзіцель. Інспектары ДПС патлумачылі, што зімовымі шынамі павінны быць абсталяваны аўтамабілі з 1 снежня па 1 сакавіка незалежна ад таго, ёсць снег ці не.
На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол, на першы раз выпісаны штраф памерам у 1 БВ (паўторнае парушэнне прадугледжвае штраф ад 2 да 5 БВ). Парушальніку рэкамендаванане эксплуатаваць аўтамабіль, пакуль не будуць устаноўлены зімовыя шыны. І справа нават не ў штрафах, а ў пагрозе жыццю і здароўю.
Былі затрыманы двое вадзіцеляў, якія парушылі хуткасны рэжым, адзін праехаў на чырвонае святло святлафора. Акрамя праверкі транспартных сродкаў супрацоўнікі ДАІ праводзілі яшчэ і прафілактычную работу: тлумачылі, што глыбіня пратэктара на зімовых шынах павінна быць 8-10 міліметраў. Калі шыны зношаны і гэты паказчык менш за 4 мм, то правіламі дарожнага руху іх забараняецца выкарыстоўваць.
Кампетэнтны каментарый начальніка ДАІ РАУС Мікалая Гаралевіча:
– З пачатку снежня на дарогах раёна былі затрыманы пяцёра вадзіцеляў, аўтамабілі якіх не былі абсталяваны зімовымі шынамі. Гэтым самым гаспадары транспартных срод-каў падверглі небяспецы не толькі сябе і сваіх пасажыраў, але і астатніх удзельнікаў дарожнага руху. У летніх шын на снезе і абледзянелай дарозе значна павялічваецца тармазны шлях, а зімовыя не страчваюць сваіх уласцівасцей нават пры экстрэмальна нізкіх тэмпературах. Прычым, акцэнтую ўвагу на тым, што зімовыя шыны павінны стаяць на ўсіх колах аўтамабіляў. Мы заклікаем усіх вадзіцеляў прытрым-лівацца правілаў дарожнага руху, а калі яшчэ не паспелі паставіць зімовыя шыны, на такіх аўто на зімовую дарогу лепш не выязджаць. Клапаціся пра сваю бяспеку!
Ларыса ЗАЙЦАВА.