«Дарогамі франтавымі»
У Обалі прайшоў метадычны дзень па выніках абласнога праекта «Дарогамі франтавымі», прысвечаны 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысціх захопнікаў.
Удзельнікаў мерапрыемства – прадстаўнікоў аддзелаў і сектараў па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва вобласці (аўтаклубаў) – вітала загадчык сектара культуры райвыканакама Ірына Ласянкова. Яна расказала пра гераічную обальскую зямлю, на якой у гады вайны змагаліся юныя мсціўцы – адзіная падпольная камсамольская арганізацыя не толькі на Віцебшчыне, але і ў Беларусі ў цэлым. Сёлета г. п. Обаль узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
Прадстаўнікі аддзелаў і сектараў па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва вобласці прэзентавалі свае работы і выставы.
Кіраўнік аўтаклуба Лілія Барадзёнак, якая прадставіла наш раён, расказала пра шэраг мерапрыемстваў, якія правялі за апошні час удзельнікі аўтаклуба ў рамках рэалізацыі праекта «Дарогамі франтавымі». Гэта былі тэатралізаваны мітынг-рэквіем «Час непадуладны памяці» ў дзень вызвалення вязняў фашысцкіх лагераў ля памятнага знака ахвярам фашызму ў Сіроціне, урачыстае адкрыццё Алеі герояў-лётчыкаў, гадзіна мужнасці «Яны юныя, але яны героі», удзел у патрыятычнай акцыі «Прарыў Перамогі» ва Ушачах, у раённых акцыях «Парад пад акном», «Беларусь. Вясна. Перамога» і інш.
Работа шумілінцаў была высока ацэнена – сектар па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва РЦК стаў лаўрэатам ІІІ ступені ў абласным праекце «Дарогамі франтавымі».
Удзельнікі мерапрыемства наведалі музей Обальскага камсамольскага падполля. Каля помніка обальскім падпольшчыкам прайшоў мітынг. Памяць юных герояў ушанавалі хвілінай маўчання, да помніка ўсклалі кветкі. Гасцей на обальскай зямі здзіўлялі тэатралізаваным прывалам «Салдацкая каша», які падрыхтавалі народны калектыў аматараў беларускай нацыянальнай кухні і фальклору «Разынка» Дома рамёстваў.
Закончылася мерапрыемства канцэртам у гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысціх захопнікаў, на які былі запрошаны вучні «Школы міру» Обальскай СШ і мясцовыя жыхары.
Ларыса КІСЯЛЁВА.