Традыцыйна ў топе – пытанні ЖКГ
26 тэлефонных званкоў паступіла на «прамую лінію» старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна 14 снежня. 15 званкоў было ад жыхароў Віцебска, чатыры – з Оршы, тры – з Паставаў, па аднаму – ад жыхароў Глыбокага, Наваполацка, Полацкага і Докшыцкага раёнаў.
Шмат пытанняў паступіла наконт нездавальняючага стану падвалаў шматпавярховых дамоў, былі просьбы ўключыць дамы ў графік правядзення капрамонтаў, агучаны праблемы з адсутнасцю гарачай вады на апошніх паверхах.
«Традыцыйна ў топе, незалежна ад рэгіёна, – пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі: рамонт і ўтрыманне жылля, водазабеспячэнне, ацяпленне, – падвёў вынікі губернатар вобласці. – У разы менш стала зваротаў па дарогах, міжасабовых канфліктах».
Па заканчэнні «прамой лініі» мэр Віцебска Аляксей Героеў адрапартаваў губернатару пра аператыўнае вырашэнне некалькіх узнятых падчас «прамой лініі» жыхарамі абласнога цэнтра пытанняў. На што Аляксандр Міхайлавіч заўважыў: «Трывожна, што жыллёва-камунальная гаспадарка па-ранейшаму захоўвае пальму першынства. Гэта дакладны маркер таго, што галіна – адна з самых праблемных і патрабуе сістэмнага падыходу. Гэта наша сумесная задача».
Алена КАРПУШЭНКА.