НАВАГОДНІ ГАНДАЛЬ У РАЗГАРЫ: што ў асартыменце
Да Новага года застаецца ўсё менш і менш часу. Самы час набываць падарункі і сувеніры, упрыгожваць інтэр’еры офісаў, ставіць ёлкі, рыхтавацца да навагодніх ранішнікаў. На днях карэспандэнт раённай газеты абышла некалькі магазінаў райцэнтра, каб паглядзець, што там можна набыць да любімага і адзначаемага ўсімі свята.
Самы вялікі выбар цацак на ёлку ў магазіне “Тры цаны” – мы налічылі з добрую паўсотню відаў. Прадаўцы расказалі, што гэта новы завоз. Ёсць у продажы навагоднія букеты, свечкі, гірлянды, дожджык, мяккія цацкі-змеі і нават сінтэтычны снег (напэўна, на выпадак, калі не дачакаемся сапраўднага).
Мішура, сувеніры, вянкі, дэкарацыі, наклейкі, навагоднія рукавічкі і шкарпэткі для падарункаў, гірлянды, падарунка-выя каробкі – усё гэта прапануюць паліцы «Фікс-прайса». Ёсць і сімвалы 2025 года: мяккія цацкі, шакалад і мыла ў форме змей.
Календары, хлапушкі, бірулькі, навагоднія кароны для дзяўчынак, мяккія цацкі-змеі можна купіць у магазіне «Кітадэль». У фотастудыі «Фокус» можна набыць дожджык, цацкі, календары, сувеніры – змяю і анёла, елачку. А ў магазіне «Эдэльвейс» у якасці навагодняга падарунка на паліцах стаяць падсвечнікі і скарбонкі ў выглядзе сімвала надыходзячага года.
Разнастайную навагоднюю прадукцыю – ад сувеніраў да шакаладных Дзедаў Марозаў і салодкіх падарункаў – прапануюць пакупнікам у магазіне «Санта». У «Капеечцы» і магазіне «Хіт» (вул. Юбілейная) таксама адвялі асобныя паліцы, прысвечаныя надыходзячаму святу. Упрыгожванні для ёлкі можна купіць у крамах «Гаспадар», «Дамавёнак», на рынку «Прывакзальны».
Бірулькі, календары, кружкі і тэматычныя шкарпэткі з малюнкамі змяі прадаюцца ў магазінах «Ёршык» і «Чырвоная цана». Па словах прадаўцоў, у самы бліжэйшы час паступіць больш разнастайны навагодні асартымент.
Цікава было паглядзець, ці ёсць у шумілінскіх магазінах у продажы штучныя елкі. Ёсць у «Фікс-прайсе», «Трох цэнах» і «Кітадэлі». Праўда, галінкі ў дрэўцаў зусім негустыя, сціплыя. Затое і цана дэмакратычная – елка вышынёй 120 см каштуе 14 рублёў, а вышынёй 45 см можна купіць за чатыры рублі. У магазіне «Чырвоная цана» нам прапанавалі яшчэ і штучныя сосны рознай вышыні, больш пышныя, зразумела.
А яшчэ навагодніх прыгажунь заказваюць праз «Валдберыс». Як расказалі на пунктах прыёму, такія пасылкі пачалі дастаўляцца яшчэ ў лістападзе. За апошні тыдзень шумілінцы забралі ў пунктах з паўтара дзясятка штучных елак і соснаў розных памераў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.