Отдел ЗАГС Шумилинского райисполкома отмечает вековой юбилей

Власть Край шумілінскі Общество

Развівацца ў нагу з часам. 1 снежня аддзел запісу актаў грамадзянскага стану Шумілінскага райвыканкама адзначыў 100 год з дня ўтварэння.

Зал торжественный обрядов отдела загс Шумилиснкого райисполкома

З ГІСТОРЫІ

Гісторыя сучаснай сістэмы ЗАГС вядзе свой адлік з 18 снежня 1917 года, калі быў прыняты дэкрэт Савета Народных Камісараў «Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану». 19 снежня з’явіўся яшчэ адзін дэкрэт – «Аб скасаванні шлюбу». Гэтыя дакументы ў корані змянілі традыцыі фіксацыі і кантролю нараджэння, шлюбу і смерці. Да гэтага часу падобныя запісы вяліся ў рэлігійных установах (цэрквах, касцёлах, сінагогах і інш.).
Сістэма органаў ЗАГС, якая існуе зараз, пачалася з увядзення новага адміністрацыйнага дзялення ў 1924 годзе. Дзейнасць бюро ЗАГС Сіроцінскага (Шумілінскага) раёна прасочваецца з 1 снежня 1924 года, калі на пасаду загадчыка была прызначана грамадзянка Краснова (імя, імя па бацьку ў архіўных дакументах не захаваліся).
У ліпені 1934 года органы ЗАГС як ведамства, якое захоўвае першачарговую інфармацыю па бягучым уліку насельніцтва, былі ўключаны ў структуру Народнага камісарыяту ўнутраных спраў, кіраўніцтва работай пачаў ажыццяўляць аддзел Актаў Грамадзянскага Стану НКУС СССР.
У чэрвені 1941 года дзейнасць органаў ЗАГС была прыпыненая, а з верасня 1944 года зноў вядзецца рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану.

У пасляваенны час было некалькі пераўтварэнняў, звязаных з рэарганізацыяй органаў унутраных спраў:
з 1947 года дзейнічала бюро ЗАГС Сіроцінскага раёна Упраўлення МУС па Віцебскай вобласці БССР;
з 1951 года – бюро ЗАГС Сіроцінскага раёна Упраўлення Міністэрства дзяржаўнай бяспекі па Віцебскай вобласці;
з 1954 года – бюро ЗАГС Сіроцінскага раёна Упраўлення МУС па Віцебскай вобласці;
з 1956 года – бюро ЗАГС Сіроцінскага раёна Упраўлення міліцыі Віцебскай вобласці;
з 1959 года – бюро ЗАГС выканкама Сіроцінскага раёна райсавета дэпутатаў працоўных Віцебскай вобласці;
з 1962 года – бюро ЗАГС выканкама Шумілінскага райсавета дэпутатаў працоўных Віцебскай вобласці.

З расфарміраваннем Сіроцінскага раёна ў 1962 годзе і да 1966 года спыніла сваю дзейнасць і бюро ЗАГС. Рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану праводзіў Шумілінскі гарпасялковы Савет дэпутатаў працоўных.

З 1966 года бюро ЗАГС выканкама Шумілінскага райсавета дэпутатаў працоўных аднавіла сваю дзейнасць.
У 1981 годзе бюро ЗАГС перайменаваны ў аддзел ЗАГС і з’яўляецца структурным падраздзяленнем райвыканкама.
З 2006 года органы загса ўваходзяць у сістэму Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

З нагоды юбілейнай даты мы размаўляем з загадчыкам аддзела загса райвыканкама Ірынай ЯКАЎЛЕВАЙ  аб сучасным дні аддзела і перспектывах развіцця, ролі органаў загсу ў жыцці дзяржавы, грамадства і асобнага чалавека.

– Для многіх з нас дзейнасць органаў загса неразрыўна звязана найперш з рэгістрацыяй шлюбу, стварэннем сям’і. А для кожнага чалавека сям’я – пачатак пачаткаў, і разуменне шчасця амаль кожны чалавек звязвае з гэтым інстытутам. Дзейнасць органаў загса мае вялікае значэнне ў ажыццяўленні і ахове сямейных правоў грамадзян, бо сюды чалавек прыходзіць, каб зафіксаваць самыя значныя падзеі свайго жыцця – нараджэнне дзіцяці, заключэнне і скасаванне шлюбу. Звяртаюцца ў загс па пытаннях усынаўлення, устанаўлення бацькоўства, перамены імя, смерці. Кнігі запісаў актаў грамадзянскага стану захоўваюць звесткі аб важнейшых этапах жыцця кожнага з нас, а гісторыя жыцця аднаго чалавека, яго сям’і – гэта частка гісторыі краіны.

Органы загса адказваюць за тое, каб рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану была праведзена ў адпаведнасці з законам. Неабходна адзначыць і тое, што органы загса сёння выступаюць адным з асноўных пастаўшчыкоў інфармацыі ў дзяржаўную інфармацыйную сістэму «Рэгістр насельніцтва», аснову якога складае база персанальных дадзеных грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама іншаземных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне.

–  Якія акты грамадзянскага стану рэгіструюць сучасныя загсы?

– Сёння органы загса праводзяць рэгістрацыю нараджэння; заключэння шлюбу; усынаўлення (ўдачарэння); устанаўлення мацярынства і (ці) бацькоўства; перамены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку; смерці; скасавання шлюбу ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам аб шлюбе і сям’і. Акрамя гэтага, яны ўносяць змяненні, дапаўненні выпраўленні ў запісы актаў грамадзянскага стану; анулююць і аднаўляюць запісы актаў грамадзянскага стану на падставе рашэння суда; выдаюць паўторныя пасведчанні аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану; даведкі, якія ўтрымліваюць звесткі з запісу акта грамадзянскага стану, аб адсутнасці запісу акта грамадзянскага стану і іншае.

Варта заўважыць, што акты грамадзянскага стану – адна з самых стабільных дакументальных сістэм, без якой не можа існаваць грамадства і сям’я.

–  Што ўяўляе сёння архіўны фонд аддзела загса Шумілінскага райвыканкама?

– Цяпер на захаванні ў архіве аддзела загса райвыканкама знаходзіцца больш за 100 тысяч запісаў актаў грамадзянскага стану. Поўны архіўны фонд аддзела загса райвыканкама пачынае гісторыю з 1944 года.

На захаванні архіва аддзела загса знаходзяцца запісы актаў аб нараджэнні, смерці, заключэнні і скасаванні шлюбаў, устанаўленні бацькоўства, усынаўленні (удачарэнні), перамене імя, складзеныя на тэрыторыі Сіроцінскага раёна Віцебскай Вобласці за перыяд з 1944 па 1962 год; Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці за перыяд з 1966 па цяперашні час; Баранькаўскага, Мішкаўскага, Клётчынскага сельсаветаў Ульскага раёна Віцебскай вобласці за перыяд з 1946 па 1956 год.

З­за падзей Вялікай Айчыннай вайны архіўны фонд першасных запісаў актаў грамадзянскага стану да 1944 года захаваўся часткова. У гады вайны большасць дакументаў была знішчана. Часткова захаваліся запісы актаў грамадзянскага стану за 1928­1929 гады.

–  Але жыццё працягваецца. Якія задачы стаяць перад органамі загса на сучасным этапе?

– Асноўная задача, як і раней, – гэта правільная, поўная і своечасовая рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і ў мэтах абароны маёмасных і немаёмасных правоў грамадзян, у дзяржаўных і грамадскіх інтарэсах.
Важнае значэнне мае таксама прававая асвета насельніцтва па пытаннях заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і і парадку рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану ў мэтах павышэння прававой культуры граматнасці насельніцтва, фарміравання асэнсаванага бацькоўства і ўмацавання ролі сям’і.
Яшчэ перад органамі загса стаіць задача па стварэнні электроннага архіва запісаў актаў грамадзянскага стану з 1944 года па цяперашні час, які дазволіць не толькі зберагчы ўнікальныя дакументы мінулага, але і значна скараціць час пошуку інфармацыі, выдачы неабходных грамадзянам дакументаў.
Таксама органамі загса папулярызуюцца новыя грамадзянскія абрады ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу і нараджэння дзіцяці, у тым ліку на падставе беларускіх народных абрадаў, накіраваных на ўмацаванне сям’і. Мы дапаможам арганізаваць і правесці ўрачыстыя юбілеі сямейнага жыцця, не толькі срэбнае і залатое вяселле, але і любую гадавіну па жаданні.

–  Дзякуй за гутарку!

Гутарку правёў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *