Роль общественных организаций в развитии общества обсудили на заседании президиума Шумилинского районного Совета депутатов

Власть Общество

Больш актыўнасці, больш ініцыятыў

На тэрыторыі раёна сваю дзейнасць ажыццяўляюць 4 раённыя камітэты прафсаюзаў, 74 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, 19 раённых грамадскіх аб’яднанняў і 4 палітычныя партыі. Іх ролю ў развіцці грамадства, абароне правоў грамадзян абмеркавалі ўдзельнікі пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў 6 снежня. Вёў пасяджэнне старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.

«Грамадскія арганізацыі адыгрываюць важную ролю ў развіцці сучаснага грамадства, станаўленні дэмакратыі, абароне правоў і свабод грамадзян, – падкрэсліў у сваім дакладзе начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук. – Работа грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый накіравана на вырашэнне актуальных праблем насельніцтва, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, аказанне дапамогі ўразлівым катэгорыям грамадзян, прапаганду здаровага ладу жыцця, духоўных і маральных каштоўнасцей, удзел у грамадска-палітычных мерапрыемствах. Каардынуе іх дзейнасць раённы каардынацыйны савет грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый».

Руслан Алегавіч падрабязна прааналізаваў дзейнасць кожнага аб’яднання і партыі, адзначыўшы іх актыўнасць у рэалізацыі самых важных мерапрыемстваў – Года якасці, 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 100-годдзя ўтварэння Шумілінскага раёна і іншых. З іх непасрэдным удзелам былі рэалізаваны шматлікія рэспубліканскія патрыятычныя праекты, акцыі, эстафеты памяці, марафоны, экскурсіі, конкурсы, творчыя сустрэчы, канцэрты, дыялогавыя пляцоўкі і інш.

Раённыя грамадскія аб’яднанні прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні грамадска-палітычных кампаній: уваходзяць у склад ініцыятыўных і агітацыйных груп, з’яўляюцца назіральнікамі на ўчастках для галасавання, членамі раённых, участковыхвыбарчых камісій, даверанымі асобамі кандыдатаў. Яскравы прыклад гэтага – рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь у лютым 2022 года і адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года. Вось і зараз члены грамадскіх арганізацый, падкрэсліў дакладчык, актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі, якія адбудуцца 26 студзеня 2025 года. Раённыя грамадскія аб’яднанні выступаюць цэнтрам кансалідацыі грамадскіх сіл, якія падтрымліваюць сацыяльна-эканамічны і палітычны курс развіцця краіны, захаванне суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы.

Разам са станоўчымі момантамі на пасяджэнні былі акрэслены і задачы, якія патрабуюць вырашэння ў бліжэйшы час. У прыватнасці, неабходна прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам усе рэгіструючыя дакументы грамадскіх аб’яднанняў. Сёння неабходна заяўляць пра сябе і пра сваю дзейнасць усімі магчымымі спосабамі (праз СМІ, інтэрнэт-прастору). Колькасны склад грамадскіх аб’яднанняў сведчыць пра наяўнасць рэзерву па стварэнні пярвічак, па павелічэнні колькаснага складу ўжо існуючых, з абавязковым уключэннем у свае рады моладзі, заўважыў старшыня райсавета Мікалай Будневіч. Ад аб’яднанняў усе чакаюць больш ініцыятыў і больш актыўнасці.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ.
Самым масавым грамадскім аб’яднаннем на тэрыторыі раёна з’яўляецца прафсаюз. Агульная колькасць членаў прафсаюза – больш за 4 тысячы чалавек (звыш 96% эканамічна актыўнага насельніцтва Шуміліншчыны).
Вядучым грамадскім аб’яднаннем, якое прадстаўляе інтарэсы ветэранаў працы, з’яўляецца раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, якая налічвае ў сваіх радах 28 пярвічных арганізацый з колькасцю 2544 ветэранаў працы, з якіх 11 непаўналетніх вязняў Вялікай Айчыннай вайны.
Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання«Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» аб’ядноўвае 43 пярвічныя арганізацыі з колькасцю 532 чалавекі (24,2% ад агульнай колькасці моладзі ва ўзросце ад 14 да 31 года). У раёне дзейнічаюць 9 піянерскіх дружын, якія аб’ядноўваюць 354 акцябронкі і 857 піянераў.
Самымі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх праводзімых у раёне мерапрыемстваў з’яўляюцца члены раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» (арганізацыя налічвае 523 чалавекі).
Самым маладым з’яўляецца раённае аддзяленне Віцебскай вобласці Беларускай партыі «Белая Русь», якое створана ў ліпені 2023 года (на дадзены момант налічвае 147 членаў).

Алена КАРПУШЭНКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *