Гарэў будынак магазіна ў Пабедзе
За прайшоўшы тыдзень у раёне здарыліся два пажары: гарэў будынак прыватнага магазіна ў Пабедзе і прыватная лазня ў Боськаве. Больш падрабязна пра здарэнні расказаў інспектар РАНС Вадзім ПІВАВАРАЎ.
– Паведамленне пра пажар у магазіне ІП В. Мацуганава ў в. Пабеда паступіла ў службу «101» 29 лістапада ў 4.50, – падзяліўся інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях. – Агнём у гандлёвым аб’екце пашкоджаны 2 халадзільнікі і касавы апарат. Урон ацэньва-ецца, прычына пажару высвятляецца.
Ратавальнікі прычынай пажару разглядаюць версію парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, у прыватнасці – кароткае замыканне электрычнай разеткі, у якую быў уключаны халадзільнік.
Супрацоўнік МНС нагадаў, што карыстацца трэба толькі спраўнымі электрапрыборамі, не перагружаць электрасетку. Нявыключаны электрапрыбор можа стаць прычынай пажару.
Згарэла лазня Боськаве
7 снежня ў 15.38 у раённую службу ратавання паступіла паведамленне пра пажар лазні ў вёсцы Боськава Дабейскага сельсавета. Агнём у лазні знішчаны дах, столевае перакрыцце, маёмасць, пашкоджаны сцены. Прычына пажару высвятляецца.
Па словах Вадзіма Піваварава, разглядаецца версія парушэння правілаў эксплуатацыі печак, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прылад (перапальванне печкі).
МНС папярэджвае: захаванне простых правілаў карыстання пячным ацяпленнем дапаможа пазбегнуць пажару.
Не перапальвайце печку!
Перш, чым зачыніць верхнюю засаўку печкі, пераканайцеся, што дровы поўнасцю згарэлі.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.