Волейболисты Шумилинской СДЮШОР вышли в финал областного первенства

Спорт, туризм

Шумілінцы выйшлі ў фінал

6-8 снежня ў Шумілінскай СДЮШАР прайшоў трэці тур абласнога першынства дзіцяча-юнацкай лігі па валейболе сярод хлопцаў 2011 года нараджэння і маладзей. У першынстве ўдзельнічаюць каманды з Шуміліна, Віцебска, Оршы, Бешанковіч, Глыбокага і Паставаў.

Абласное першынство дзіцяча-юнацкай лігі па валейболе – гэта тры туры, па выніках якіх чатыры лепшыя каманды разыгрываюць паміж сабой выніковыя месцы, прычым фінальныя спаборніцтвы пачынаюцца без уліку набраных раней ачкоў.

Шумілінская каманда па выніках двух папярэдніх тураў забяспечыла сабе выхад у фінал. Так што заключны трэці тур не меў для нашай каманды турнірнага значэння. Хаця тур праходзіў дома, а перад заўзятарамі дрэнную гульню не пакажаш – перад трэнерам каманды Любоў Бабовай стаяла нялёгкая задача: даць магчымасць усім ігракам выйсці на пляцоўку і атрымаць гульнявы вопыт з аднаго боку, а з другога – даць станоўчы вынік. І трэба сказаць, Любоў Васільеўна і каманда выканалі абедзве задачы.

Тур пачаўся для шумілінцаў не зусім добра: ва ўпартай барацьбе прайгралі глыбоцкім валейбалістам. Астатнія чатыры су-стрэчы не былі лёгкімі для каманды – у многіх партыях ішла роўная барацьба ачко ў ачко, і, да гонару шумілінцаў, у ключавых момантах знаходзілі ўнутраныя рэзервы і выйгравалі партыі.

На хатнім туры ў скарбонцы шумілінскай каманды чатыры перамогі і адно паражэнне. «Шуміліна» разам з бешанковіцкімі, глыбоцкімі і пастаўскімі валейбалістамі выйшлі ў фінал. «Гэта толькі пачатак, – сказала пасля спаборніцтваў Любоў Бабова. – Дамашні тур паказаў, што ў хлопцаў ёсць добры патэнцыял, галоўнае – не спыняцца на дасягнутым. Нам трэба падысці да фіналу без траўм і ў добрай фізічнай форме».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *