Смачны духмяны хлеб з Кардонскай школы каштавалі?
Кожная краіна імкнецца прапанаваць турыстам сваё, традыцыйнае. У Францыі, напрыклад, гэта круасаны, сыры, труфелі, шчодра прыпраўленыя праванскімі травамі. У Італіі прапануюць піцу і пасту з рознымі напаўняльнікамі, у Іспаніі – хамон, у Нарвегіі – рыбныя стравы. У Швейцарыі частуюць шакаладам. Аматараў экзатычнай кухні пацешаць Тайланд, Кітай, В’етнам.
Але навошта далёка ехаць? Гастранамічны турызм папулярны і ў Беларусі, у тым ліку на Шуміліншчыне. Адно з такіх месцаў – Кардонская сярэдняя школа, дзе можна паласавацца свежым духмяным хлебам.
– Усё пачалося, калі ў школе з’явіліся агракласы, вучні якіх наведваюць факультатыўныя заняткі «Увядзенне ў аграрныя прафесіі», – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Зянькова. – У рамках творчага школьнага праекта пачалі гатаваць экалагічна чыстыя прадукты ў хатніх умовах. Спачатку выраблялі сыры, апошнія гады выпякаем хлеб.
Восенню мінулага года ў школе набылі хлебапечку, дапоўніў настаўнік хіміі і біялогіі Ігар Ігнаценкаў. Менавіта тады і быў спечаны ў школе першы самы просты хлеб – класічны белы. Ён спадабаўся і педагогам, і вучням.
Да працэсу хлебапячэння адразу падключыўся і аграрны клас. Пачаліся эксперыменты для таго, каб знайсці свой, ідэальны, смак. І ён быў знойдзены – рэцэпт французскага хлеба, у які дадаецца часнок. Папулярнасцю карыстаецца і хлеб ваенных часоў. «Хлеб ваенных часоў больш грубы, прэсны і кіслы, – расказвае Ігар Стэфанавіч. – У яго складзе – мінімум пшанічнай мукі. Гэты рэцэпт выкарыстоўвалі пры харчаванні салдат Чырвонай Арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
Кардонцы частуюць сваім фірменным хлебам на раённых мерапрыемствах, абласных святах. Усюды ён ідзе на ўра.
ХЛЕБ ФРАНЦУЗСКІ З ЧАСНАКОМ: ХЛЕБ ФРАНЦУЗСКІ З ЧАСНАКОМ:
вада – 340 мл, алей – 3 ст. л., цукар – 2 ст. л., соль –2 ч. л., пшанічная мука – 3,5 шклянкі, дрожджы – 1 ч. л., часнок – па смаку.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.