Перадаць майстэрства на роўных
У аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН працуе 14 гурткоў, расказала спецыяліст Юлія Сініцкая. Тут можна навучыцца вязаць, вышываць, рабіць розныя рэчы, гуляць у шашкі, выпальваць і выпілоўваць, фатаграфаваць. А яшчэ – плесці кошыкі з лазы.
У гэтым годзе ў ТЦСАН праходзіць рэабілітацыю Уладзімір Каласкоў, які вядзе гурток па лазапляценні. «Задаволены, што існуе такая рэабілітацыя, калі я магу папрацаваць і перадаць сваё майстэрства, – кажа Уладзімір Пятровіч. – Я інвалід трэцяй групы па агульным захворванні, але адчуваю сябе патрэбным людзям. А жыць дапамагае любімая справа – лазапляценне». Уладзімір Каласкоў можа гадзінамі расказваць, як падбіраць і “варыць” лазу, як плесці кошыкі і іншыя прыгожыя рэчы.
«Я наведваю гурток кожны дзень, – падзяліўся Аляксандр Халсціннікаў. – Мне тут цікава – ужо сплёў свой першы кошык, чаму вельмі рады. А яшчэ хаджу на “Батлейку”, дзе мы ставім розныя казкі, таксама люблю выпальваць прыгожыя ўзоры. Увогуле ў цэнтры мне вельмі цікава».
Гурткі ТЦСАН наведваюць 47 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. А яшчэ працуюць 10 гурткоў па інтарэсах на даму ў Обалі, Шуміліне, Мікіцісе, Кардоне і Добрыне, дзе вучаць маляваць, рабіць аплікацыі і сувеніры, майстэрству алмазнай вышыўкі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.