3 декабря — День инвалидов Республики Беларусь. Что делают в Шумилинском районе по созданию безбарьерной среды

Новости Общество

Даступнае асяроддзе – кожнаму

У нашым раёне рэалізуюцца мерапрыемствы падпраграмы «Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021-2025 гады.

У дадзеным накірунку сёлета працавалі нямала. Напрыклад, у дзіцячым садзе № 1 прымацаваны тактыльныя наклейкі на поручні лесвіц, выкананыя шрыфтам Брайля, і наклейкі з пазначэннем паверхаў. Зроблена мнемасхема і двухсекцыйны тэлескапічны пандус для інвалідаў.

У дзіцячым садзе № 3 з’явілася яркая маркіроўка на шкле дзвярэй, тактыльныя мнемасхемы, моўны інфарматар без дыстанцыйнага кіравання.

«Многія работы па забеспячэнні даступнага асяроддзя праведзены ў рамках капітальнага рамонту СШ № 2, – расказала загадчыца аддзела пярвічнага прыёму, аналізу, інфармацыі і прагназавання ТЦСАН Таццяна Шаціла. – Гэта падлогавыя індыкатары, кнопкі выклікаў, моўныя інфарматары, санвузел для сляпых, пад’ёмная платформа з вертыкальным перамяшчэннем інвалідаў. Тактыльныя таблічкі з назвамі кабінетаў, моўны інфарматар устаноўлены ў раённым цэнтры карэкцыйна­развіваючага навучання».

У мінулыя гады да многіх пад’ездаў зроблены пандусы. А цяпер пайшлі далей – сёлета два пад’езды шматпавярховых дамоў (у Обалі і Слабадзе) дзеля зручнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі былі абсталяваны адкіднымі пандусамі (усяго іх па раёне 7). На выкананне падпраграмы «Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» было сёлета асвоена з мясцовага бюджэту больш за 14 тысяч рублёў, падлічылі спецыялісты ТЦСАН.

«Па нашай просьбе два месяцы таму пад’езд быў абсталяваны пандусам, і мы за гэты вельмі ўдзячны, – кажа жыхарка аг. Слабада Тамара Шкулава. – Гэта значна аблегчыла жыццё майму мужу. Цяпер без праблем выкатваю яго на калясцы на вуліцу. Больш таго, ад пад’езда да дарогі работнікі ЖКХ зрабілі асфальтаваную дарожку, а ТЦСАН нам прадаставіў хадункі. Вялікі ўсім дзякуй за клопат».

Людміла ЗУЙКОВА.

На 1 лістапада ў Шумілінскім раёне зарэгістравана 1060 інвалідаў.
Групу інваліднасці маюць людзі розных узростаў: 608 – пенсійнага, 414 – працаздольнага, 38 – ва ўзросце 18 — 31 год.
195 чалавек маюць першую групу інваліднасці, 415 – другую, 450 – трэцюю.
80 дзяцей-інвалідаў выхоўваюцца ў 78 сем’ях.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *