Прыцягальны IT-свет камп’ютарнай графікі
У гэтым навучальным годзе дзеці і падлеткі займаюцца творчасцю, асвойваюць дадатковую адукацыю ў адрамантаваных сучасных кабінетах раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
«У нас з’явіўся і камп’ютарны кабінет, – адзначыла дырэктар цэнтра Наталля Пятроўская. – Гэта дало нам магчымасць адкрыць тры новыя аб’яднанні па інтарэсах: для дзяцей 8-12 год – «АйЦіСвет», для 10-14-гадовых – «Аб’ектыўна» і «Свет камп’ютарнай графікі». Дзеці з задавальненнем пайшлі ў аб’яднанні, зараз думаем над павелічэннем колькасці груп».
Падчас нашага візіту ў РЦДМ працавала аб’яднанне па інтарэсах «Свет камп’ютарнай графікі»: дзеці малявалі на камп’ютарах навагоднія паштоўкі, педагог дадатковай адукацыі Анастасія Лялюга тлумачыла асаблівасці камп’ютарнай праграмы Corel DRAW. «Галоўнае, зацікавіць дзяцей, – ад-значыла Анастасія. – І тады такія праграмы, як Corel DRAW і Photoshop, стануць для іх зразумелымі і вельмі цікавымі. А гэта ўжо шлях для творчасці, прычым неабмежаванай. І, магчыма, першыя крокі да выбару будучай прафесіі».
СЛОВА – УДЗЕЛЬНІКАМ АБ’ЯДНАННЯ
Віталь ГАРЭЛЕНКАЎ, 4 клас: Мне падабацца маляваць пейзажы і жывёл. На камп’ютары з дапамогай вектарнага малюнка яны атрымліваюцца асаблівымі і незвычайнымі. Да Дня бацькі мы рабілі віншавальныя паштоўкі. Прыемна было яе падарыць, бо яна была зроблена маімі рукамі. Тата ацаніў.
Данііл ТКАЧОЎ, 6 клас: На гуртку нас вучаць рабіць паштоўкі, візіткі, лагатыпы і іншую паліграфічную прадукцыю. Гэта ўсё тое, на чым можна зарабіць добрыя грошы.
Ілья ІВАНОЎ, 6 клас: Я ў аб’яднанні не з першага дня. Трое маіх аднакласнікаў цікава расказвалі, як у цэнтры займаюцца на камп’ютарах. Таму і я вырашыў пайсці. Дужа падабаецца, тут цікава.
Максім ШАЎНЁЎ, 6 клас: Сёння камп’ютары ўсюды. Мне цікава маляваць на камп’ютары. Я працую ў пра-граме Corel DRAW, займаюся рэдагаваннем фотаздымкаў. Гэта вельмі патрэбныя веды.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.