Ад людзей павінен быць сустрэчны рух

Апошні ў гэтым годзе дзень работы з насельніцтвам прайшоў 20 лістапада ў Сіроцінскім сельсавеце. Групу, у якую ўваходзілі прадстаўнікі раённых службаў і арганізацый, адказных за забеспячэнне жыццядзейнасці насельніцтва, узначаліла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Група правяла сустрэчы ў найбольш населеных вёсках сельсавета, вяскоўцы былі дастаткова актыўныя. Ірына Шалахава расказвала пра асноўныя напрамкі і дасягненні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і краіны, гаварыла пра электаральную кампанію, якая ідзе ў Беларусі і закончыцца 26 студзеня 2025 года выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У некаторых населеных пунктах расказвалі, што ў іх былі прадстаўнікі ініцыятыўных груп, і вяскоўцы падпісаліся ў падтрымку вылучэння свайго кандыдата.
А ў Грабніцы вяскоўцы сустрэлі групу пытаннем: “Калі да нас прыедуць збіраць подпісы у падтрымку вылучэння кандыдатам нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі?”. Ірына Іванаўна абяцала перадаць іх просьбу членам ініцыятыўнай групы кіраўніка дзяржавы.

Злабадзённае пытанне, на якое звяртаў увагу прадстаўнік РАУС, – махляры. У ходзе размоў высветлілася, што ў сельсавеце ёсць факты з’яўлення падазроных асоб, якія наведваюцца да сталых людзей і просяць паказаць пашпарт і даць дадзеныя банкаўскіх карт, ёсць і спробы тэлефоннага махлярства. “Будзьце пільнымі! Тэлефануйце 102, калі маеце падазрэнне на ашуканства!” – звяртаўся да вяскоўцаў участковы інспектар Уладзіслаў Алімаў.
Самі вяскоўцы звярталіся са звычайнымі для гэтага перыяду года пытаннямі: вулічнае асвятленне, грэйдзіраванне дарог, дровы. Бягучыя пытанні запісвала старшыня Сіроцінскага сельвыканкама Аксана Шынкевіч, больш складаныя фіксавалі члены групы.
У Зямцах людзі паскардзіліся на тое, што трактары разбіваюць праезд паміж дамамі, у той час як побач праходзіць дарога да фермы. Старэйшына вёскі Іван Апоркін узняў пытанне аб уцягванні ў гаспадарчы абарот зямель, дзе калісьці былі агароды, а зараз расце пустазелле.
Жыхароў Сіроціна хвалюе якасць вады, бо мясцовая сельгасарганізацыя, якой належаць свідравіна і станцыя абезжалезвання, не праводзіць рэгулярнае абслугоўванне і ачыстку фільтраў.
Жыхары вёсак Грабніца і Філіпенкі паскардзіліся на асартымент і якасць тавараў, якія прывозіць аўтамагазін: “Хлеб чэрствы, на каўбасных вырабах няма інфармацыі аб даце вырабу і тэрмінах прыдатнасці, малако скісае на наступны дзень пасля набыцця. Дзякуй работнікам пошты, якія закрываюць хібы ў рабоце Бешанковіцкага райспажыўтаварыства”. Прасілі дапамагчы і з набыццём дроў: вельмі складана з’ездзіць у Шуміліна, каб выпісаць і аплаціць дровы ў райпаліўзбыце. Гэтае пытанне вырашылі, як кажуць, не зыходзячы з месца. Патэлефанавалі ў арганізацыю – і там патлумачылі, што ніякіх праблем няма, механізатар, які прывязе дровы, забярэ грошы і выдасць чэк. Тэлефонныя нумары, па якіх можна заказаць дровы, вяскоўцы запісалі.
У Новазаронаве вяскоўцы дзякавалі старшыні сельвыканкама Аксане Шынкевіч за клопат і пастаянную ўвагу да пажылых, жыхароў аддаленых вёсачак, за свята вёскі, якое прайшло сёлета. Дарожнікі атрымалі падзяку за тое, што высеклі кусты на пад’ездзе да вёскі, і заўвагу за няякаснае грэйдзіраванне дарогі.
Працяглая і адкрытая размова адбылася ў аграгарадку Слабада. Жыхары, з аднаго боку, дзякавалі за падтрымку і вырашэнне многіх праблем, а з другога – ставілі пытанні па рамонце дарог, вулічным асвятленні, перабоях з электрычнасцю, па аўтобусным руху, зацяканні вады ў кватэры.
“Улады вырашаюць многія пытанні жыццядзейнасці насельніцтва. Але павінен быць і сустрэчны рух ад людзей. Многія пытанні добраўпарадкавання, на-вядзення парадку ў населеным пункце ці на зямлі жыхары і мясцовыя арганізацыі могуць вырашаць самі, праяўляць ініцыятыву, а ўлада падтрымае добрыя справы”, – звярнулася да прысутных кіраўнік групы Ірына Шалахава.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.