Бліскучае выступленне шумілінскіх музыкантаў
Нашы зямлячкі Марыя і Вольга Скорынавы паспяхова выступілі на прэстыжным VII Міжнародным конкурсе музыкі імя С.В. Рахманінава ў Санкт-Пецярбургу.
Сёстры Марыя і Вольга з вядомай ў Шуміліне музычнай сям’і. Іх бацькі Алена і Віктар Скорынавы навучылі іграць на цымбалах і баяне не адну сотню юных шумілінцаў. І для ўсіх іх траіх дзяцей музыка стала захапленнем і прафесіяй. Вольга Скорынава пасля атрымання музычнай прафесіі працавала ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў, зараз яна ў заслужаным калектыве “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Я. Фінберга”. Марыя Скорынава яшчэ вучыцца ў СШ №1 г.п. Шуміліна і займаецца у музыкальнай студыі “Музыкі свет”.
У лістападзе ў Санкт-Пецярбургу праходзіў VII Міжнародным конкурсе музыкі імя С.В. Рахманінава – адзін з самых аўтарытэтных і прэстыжных конкурсаў для маладых музыкантаў і спевакоў. Марыя выступала ў намінацыі «Фартэпіяна», а дуэт Марыі (фартэпіяна) і Вольгі (цымбалы) – у намінацыі «Камерны ансамбль». Яны паспяхова прайшлі завочны тур конкурсу і ў ліку больш чым 110 удзельнікаў з сямі краін свету былі запрошаны да вочных тураў, якія праходзілі ў Малым зале імя Глінкі Санкт-Пецярбургскай філармоніі.
Бліскучае выступленне нашых зямлячак, а таксама ўнікальны ансамбль цымбалаў і раяля прыцягнулі ўвагу ўсіх канкурсантаў і членаў журы. Не менш паспяховым было выступленне ў трэцім туры.
Як вынік, Марыя Скорынава атрымала дыплом лаўрэата II ступені ў намінацыі «Фартэпіяна». А інструментальны дуэт Марыі і Вольгі ўзнагароджаны дыпломам III ступені (намінацыя «Камерны ансамбль»). А Вольгу, як выканаўцу класічнай музыкі на незвычайным народным інструменце, нават запрасілі на прэс-канферэнцыю.
Даведка «ГП»: Міжнародны конкурс музыкі імя С. В. Рахманінава праводзіцца раз у чатыры гады. Яго арганізатарамі выступаюць Камітэт па культуры г. Санкт-Пецярбурга, Санкт-Пецярбургская дзіцячая школа мастацтваў імя С.В. Рахманінава, Усерасійскае рахманінаўскае таварыства, іншыя. Прызавыя месцы на конкурсе прынеслі сусветную вядомасць многім музыкантам.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Фота з архіва Скорынавых.