Гонар зямлі шумілінскай – працаўнікі палёў, фермаў, цэхаў
У гонар людзей працы, тых, хто самааддана працуе на фермах і палетках, займаецца раслінаводствам і жывёлагадоўляй, даглядае пасевы, перапрацоўвае сыравіну, кожны дзень шчыруе ў цэхах і на вытворчасці, у раённым цэнтры культуры 16 лістапада было наладжана свята «Гонар і шчодрасць зямлі беларускай», прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
У адрас віноўнікаў урачыстасцяў, працаўнікоў зямлі нашай, гучалі словы віншаванняў і добрых пажаданняў. Сярод іх нямала ветэранаў працы, былых кіраўнікоў, спецыялістаў, жывёлаводаў, механізатараў і паляводаў. Ад райкама прафсаюза работнікаў АПК ветэранам уручылі падарункі і ручнікі – сімвал дабра і ўдачы.
«Сённяшняе свята – гэта сімвал нашага прызнання людзям, якія працуюць на зямлі, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Сяргей Аляксандравіч. – Аграрны сектар – важнейшая сфера эканамічнага жыцця. Менавіта хлебаробы, механізатары, жывёлаводы, кіраўнікі і спецыялісты, работнікі перапрацоўчай прамысловасці забяспечваюць харчовую бяспеку краіны, дабрабыт і працвітанне кожнай сям’і. Дзякуй за вернасць абранай прафесіі і плённую працу.
Шлях да вынікаў у сельскагаспадарчай галіне не бывае лёгкім. За студзенькастрычнік тэмп вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 108,1% да ўзроўню мінулага года. Сельгасарганізацыямі раёна выраблена больш за 9,5 тысячы тон прадукцыі (мяса жывёлы і птушкі). Па выніках работы за 10 месяцаў надой малака павялічыўся на 400 кг і склаў 2,2 тыс. тон. Сёлета намалочана 11 тысяч 800 тон зерня (134% да мінулагодняга ўзроўню), 500 тон кукурузы і 600 тон насення рапсу. У раёне нарыхтавана 35 тысяч тон кармавых адзінак, што складае 30,2 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Шчыры дзякуй вам за працу!».
Кіраўнік раёна пажадаў здароўя і поспехаў, дастатку ў сем’ях, шчодрых ураджаяў, новых працоўных дасягненняў і ўручыў лепшым работнікам Ганаровыя граматы райвыканкама. Пераможцам раённага спаборніцтва сярод кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў прызнаны дырэктар ААТ «Ляжні» Аляксандр Папіна. Гаспадарка заняла першае месца ў раёне па ўзнаўленні статку.
Пераможцам раённага спаборніцтва па падняцці зябліва стала ААТ «АграБаравінка» (дырэктар Яўген Мурашка), па сяўбе зерневых культур – СУП «Лаўжанскае» (Мікалай Какушкін), па вытворчасці і продажы малака – СФГ «Раднік» (Юрый Сямёнаў).
Ганаровыя граматы райвыканкама атрымалі і работнікі, якія занялі першыя месцы ў раённых спаборніцтвах: Віктар Пятроў з КУСГП «Сіроцінскі» (касьба траў); Мікалай Прышчэпаў з гэтай жа гаспадаркі (прасаванне сена і саломы); Кірыл Калдуноў з СУП «Лаўжанскае» (сяўба збожжавых і іншых культур), Андрэй Жылінскі з КУСГП «Ульскі» (падняцце зябліва), Наталля Чаранок з СФГ «Раднік» (лепшыя надоі); Алена Дрыгіна з ААТ «АграБаравінка» (вырошчванне і адкорм буйной рагатай жывёлы) і Сяргей Гоманаў з гэтай жа гаспадаркі (падборка зялёнай масы), Святлана Бардзюкова з СУП «Лаўжанскае» (лепшы тэхнікасемянатар). Сярод калектываў фермаў лепшай прызнана ферма Крывое Сяло ААТ «Ляжні» (загадчыца Галіна Пяшко).
За добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі начальнік вытворчасці ТАА «Вежа» Ніна Іванова, намеснік цэха забою ТАА «Вітконпрадукт» Дзмітрый Торчык, ветурач райветстанцыі Наталля Карэліна і загадчык аптэкі гэтай жа ўстановы Ірына Нізовіч, начальнік абсталявання вытворчага цэха г. п. Шуміліна Вехнядзвінскага масласырзавода Пётр Шніпаў.
Былі таксама ўручаны ганаровыя граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і сертыфікаты якасці ад прафсаюза работнікаў АПК. Старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Наталля Крыўко ўручыла падзяку і падарунак начальніку ўчастка ААТ «Ляжні» Валянціне Яцко, якая больш за 30 год працуе ў гаспадарцы.
Сваіх лепшых работнікаў павіншавалі кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Выдатным падарункам да прафесійнага свята стаў канцэрт работнікаў РЦК, самадзейных артыстаў, калектываў устаноў адукацыі. У фае цэнтра культуры былі арганізаваны выставаінсталяцыя раённай бібліятэкі і выстава творчасці работнікаў сельгаспрадпрыемстваў. Прыемна, што вясковыя працаўнікі маюць і любімыя захапленні.
Ларыса ЗАЙЦАВА.