У лес – па новай дарозе
Калі праехаць вёску Мясаедава па трасе Р‑114, нельга не заўважыць, што ў лес вядзе новая дарога.
Яе будаўніцтва заканчваюць работнікі ААТ «Дарожна‑будаўнічае ўпраўленне № 45» г. Віцебска. Агульная працягласць дарогі – 11,7 кіламетра, яе кошт – каля шасці мільёнаў рублёў. Яна злучыць вёскі Мясаедава Лаўжанскага сельсавета і Кулакова Дабейскага сельсавета.
«Заказчык будаўніцтва – Шумілінскі лясгас, – расказаў начальнік участка ДБУ‑45 Андрэй Даўдзянкоў. – Работу вялі ў два этапы: у мінулым годзе і сёлета. Работнікі лясгаса выроўнівалі лясную плошчу, астатняя работа – наш клопат, будаўнічае прадпрыемства мае ўсю неабходную тэхніку. Мы зрабілі насып землянога палатна, зверху ўшчыльнілі гравійна‑пясчанай сумессю. Асабліва складаным было будаўніцтва 4,5 кіламетра дарогі па балоце: прыйшлося рабіць так званы “дыван” з бярвення, а зверху ўсцілаць геатэкстылем».
Лясная дарога практычна гатова да эксплуатацыі. Віцебскім дарожнікам засталіся дробныя работы: падсыпка пакрыцця, умацаванне труб для вадасцёку. Субпадрадчыкамі выступіла ДРБУ‑204, якое асфальтуе 80 метраў прымыкання лясной дарогі да аўтатрасы Гарадок‑Ула‑Камень.
Лесагаспадарчая дарога прызначана для праезду самаходных лесагаспадарчых машын і трактароў. Па ёй добра дабірацца леснікам да ўчасткаў, каб своечасова праводзіць лесааднаўленчыя работы, мерапрыемствы па барацьбе з хваробамі і шкоднікамі лесу. Ацэняць новы аб’ект і новыя зручнасці грыбнікі і ягаднікі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.