Грунт для памідораў, кветак і дурніц
Работнікі вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу г. п. Обаль ВУ «Віцебскторф» сёлета нарыхтавалі ва ўрочышчы Сідзень 8861 тону верхавога фрэзернага торфу. Гэтага хопіць, каб цэх кіпоўкі працаваў роўна і без прастояў да наступнага нарыхтоўчага сезона.
У цэху кіпоўкі вырабляюць грунт тарфяны некалькіх гатункаў. У залежнасці ад таго, для якіх гароднінных ці садовых культур ён прызначаны, у яго дадаюць па тэхналогіі розныя ўгнаенні (калійныя, азотныя, фосфарныя) і мікраэлементы.
«Мы выпускаем грунт розных фракцый для памідораў, агуркоў, перцаў, кветак, саджанцаў садовых культур – яго якасць правяраецца лабарантамі, – кажа начальнік вытворча‑тэхнічнага сектара ВУ “Віцебскторф” Вячаслаў Лукашонак. – За рабочы дзень паспяваем зрабіць да 500 пакетаў па 100 і 80 літраў. Выпускаем і раскіслены грунт розных фракцый – у апошні час многія заняліся вырошчваннем на сваіх прысядзібных участках дурніц, якія любяць кіслую глебу».
Карыстаюцца попытам і чыстыя тарфяныя бігболі аб’ёмам у 6 метраў кубічных. Іх за рабочы дзень мехатронікі выпускаюць па 60‑65 штук.
Грунт спажыўны і раскіслены, торф ідуць таксама на экспарт у Расійскую Федэрацыю, Кітай, Малдову, Германію. Так, за студзень‑кастрычнік на вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу г. п. Обаль выпусцілі 8,2 тысячы тон торфапрадукцыі (у тым ліку тысячу тон грунтоў спажыўных).
Лідзія РУМЯНЦАВА.