Рок-группа «Эксперимент-12» из Шумилино презентовала юбилейную программу «ХХХ лет»

Культура Мир увлечений

Паэксперыментавалі на ўсе сто

У пятніцу, 8 лістапада, у раённым цэнтры культуры шумілінскі рок-гурт «Эксперымент-12» прэзентаваў юбілейную праграму «ХХХ год», прысвечаную 30-годдзю калектыву.

Адкрыў праграму вядомы хіт «Здравствуй». З першай песні энергетыка саліста Максіма Крыгіна знайшла водгук у гледачоў, якія спявалі разам з рок-музыкамі. На канцэрт прыйшлі людзі розных узростаў, многія – сем’ямі. Яно і нядзіўна, бо на музыцы шумілінскіх рокераў, можна сказаць, вырасла не адно пакаленне.

Цікавым быў блок ваенных песень, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Рокавае гучанне кампазіцый краналі сэрца, а галоўнае, што хацелі данесці музыкі, – мы перамаглі і не маем права забыць пра тыя часы.

Кожная песня – свая гісторыя, сваё ўспрыманне. Ёсць такія, як сказаў Максім Крыгін, якія вельмі цяжка спяваць. Адна з такіх – «Между небом и землёй», прысвечаная музыкантам гурта, якія пайшлі з жыцця. Падчас яе выканання загарэліся ліхтарыкі на мабільных тэлефонах гледачоў. Гэта было вельмі прачула.

Не абышоўся рок-канцэрт і без прэм’ер кампазіцый «Раз-лука» і «Люська». Так, прыхільнікі яшчэ не ведаюць тэкстаў, але песні зайшлі на ўра, і думаецца, што стануць хітамі. Па добрай традыцыі завяршыла канцэрт кампазіцыя «На Литейном».

Напрыканцы рок-музыкаў чакалі сюрпрызы: 11-гадовая Дар’я Сільчанка падарыла мяккую цацку, начальнік сектара культуры райвыканкама Ірына Ласянкова ўручыла грамату сектара, цёплыя словы-віншаванні прагучалі ад полацкага рок-гурта «Версія».

СЛОВА – ГЛЕДАЧАМ

Аляксей ІВАНОЎ:  Цудоўна, выдатна, як заўсёды пасля канцэртаў «Эксперымента‑12» перапаўняюць эмоцыі. Проста не меў права не пайсці на канцэрт аднакласніка Максіма Крыгіна.

Добра памятаю, як аднакласнікі Лёша Іваноў, Сяргей Шчамялёў і Максім Крыгін пачалі спяваць, стварылі гурт. Быў упэўнены, што ў іх атрымаецца. Мяняліся склады калектыву, але стыль заставаўся нязменным. Жывы гук, шчырасць музыкаў сапраўды зараджаюць энергіяй.

Вадзім СІЛЬЧАНКА:  Уражанняў занадта шмат як у мяне, так і ў дачкі Дашы. «Эксперымент‑12» – наша сямейная група. Дачка літаральна выхоўвалася на іх песнях. Першы канцэрт яна наведала, калі ёй было 6 гадоў. Мы, бацькі, нават і ўявіць не маглі, што яна так падсядзе на рок‑музыку, на «Эксперымент‑12». Жывая музыка – гэта заўсёды здорава.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *