Стань заметней в темноте! ГАИ проводит рейды на дорогах и в населённых пунктах Шумилинского района

Безопасность

Пазначце сябе флікерам! Уберажыце ад аварыі

Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі ўзмацнілі кантроль за захаваннем правілаў дарожнага руху веласіпедыстаў, самакатчыкаў і пешаходаў.

Сярэдзіна лістапада. Светлавы дзень змяншаецца, у сувязі з чым уразлівым удзельнікам дарожнага руху веласіпедыстам, пешаходам, самакатчыкам і тым, хто рухаецца на сродках персанальнай мабільнасці, трэба быць вельмі асцярожнымі і ўважлівымі. Каб папярэдзіць дарожна-транспартныя здарэнні, супрацоўнікі ДАІ праводзяць прафілактычныя рэйды на дарогах. У адзін з іх разам з інспектарамі ДПС Дзмітрыем Шумілам і Яўгенам Сташонкам адправілася і карэспандэнт раённай газеты.

У канцы рабочага дня па тратуарах рухаліся як веласіпедысты, так і самакатчыкі. Усе захоўвалі правілы дарожнага руху. Дзмітрый Шуміла ўручыў законапаслухмяным удзельнікам дарожнага руху падарункі ад ДАІ – наборы для рамонту веласіпеда.

Сустрэлася і жанчына, якая ехала на веласіпедзе па краі праезнай часткі па вуліцы Сіпко. «Я і не ведала, што па краі дарогі на веласіпедзе нельга, – апраўдвалася яна на заўвагу інспектараў. – Зараз пераеду на тратуар». Але ж няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. Супрацоўнікі ДАІ папярэдзілі, што за паўторнае такое ж парушэнне ёй будзе пагражаць штраф ад 1 да 3 БВ, а нецвярозаму – да 5 БВ.

На вуліцы Кароткіна спынілі мужчыну, які ішоў па краі дарогі без флікера. Як высветлілася, гэта ў яго было паўторнае парушэнне на працягу года, – таму штраф парушальніку гарантаваны.

Каментарый начальніка ДАІ РАУС Мікалая Гаралевіча:  Восенню праблема дарожна-транспартнага траўматызму актуальная як ніколі. За верасень па вобласці ў ДТЗ пацярпелі 137 веласіпедыстаў і пешаходаў, 19 з іх загінулі. У нашым раёне няма пацярпелых, тым не менш не перашкодзіць нагадаць пра строгае захаванне правілаў дарожнага руху. На гэта была нацэлена і рэспубліканская прафілактычная акцыя “Стань прыкметным у цемры”, падчас якой супрацоўнікі ДАІ нагадалі жыхарам раёна, наколькі важна пазначыць сябе флікерам у цёмны час сутак: ён да-зваляе чалавеку стаць прыкметным у святле фар на адлегласці ад 130 да 400 метраў – у вадзіцеляў з’яўляецца магчымасць пазбегнуць наездаў. Падчас акцыі былі выяўлены 22 парушальнікі, якія не пазначылі сябе святловяртальнымі элементамі ў цёмны час сутак.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *