Размышление после суда. Проснётся ли у матери пропитая совесть?

Общество Семья

“Не мы, жыццё табе даўгі заплаціць За раўнадушша. Вінаваты сам”
Мы надзвычай шмат пішам пра сямейную нядобранадзейнасць, асуджаем дрэнных бацькоў, даём негатыўную ацэнку іх паводзінам, быццам, спадзяемся, што яны, пачытаўшы раённую газету, раптам выправяцца, ці як мінімум задумаюцца над сваімі паводзінамі. А я нядаўна злавіла сябе на думцы,  што няма ў мяне ў душы шчырага гневу і абурэння ў адносінах да такіх асоб. Раней – так, а цяпер няма. Ёсць нейкае шкадаванне. Не, не іх асабіста, а нечага імі безнадзейна страчанага. Такім ніколі не спазнаць вялікага бацькоўскага шчасця ад таго, што іх дзіця навучылася-такі выкарыстоўваць па назначэнні гаршок; вывучыла самы доўгі верш, а расказваючы яго на свяце ў садзе, ні разу не збілася; сарвала дзьмухавец і расплакалася, бо не паспела падарыць яго маме: уся прыгажосць разляцелася. Вось радасці, без якіх няма жыцця, і якіх некаторыя бацькі добраахвотна сябе пазбаўляюць. Выдатна сказаў П. Панчанка: “Той дзень, лічы, завянуў пустацветам, Калі ты пяць хвілін пашкадаваў, Каб дзецям паказаць куточак свету І хараство людзей, і дрэў, і траў”.  А калі гэты дзень аказваецца даўжынёй у жыццё?..
На выязным пасяджэнні суда, што прайшло нядаўна ў Слабадзе, судзілі маці. Вось яна – не дужа прыгожая, не дужа зграбная. Але ў яе быў муж, ёсць двое сыноў. Дакладней, ужо таксама – “былі”. Весці гутарку яна не можа, здаецца, не да канца разумее ўсю сур’ёзнасць падзей, зацікаўленасці лёсам сваіх дзяцей ніяк не праяўляе. Прычына ўсіх яе праблем – п’янка; як будзе жыць далей – не ведае. Вось і ўсё, што ўдалося пачуць ад жанчыны   на працягу  пасяджэння ў паўтары гадзіны. Звычайна ў падобнай сітуацыі такія маці хаця б выгляд робяць, што гатовыя выправіцца і глядзець дзяцей. Гэтая ж – ні ў якую.
У Слабаду яна прыехала з Гарадка, дзе недавучылася на повара. Тут выйшла замуж, нарадзіла двух сыноў. Праўда, муж засумняваўся, што мае дачыненне да з’яўлення другога сына: зрабіў экспертызу ДНК. Ягоны. Яшчэ зусім нядаўна абодва бацькі злоўжывалі. Дома збіраліся кампаніі. Дзяцей у выніку адабралі.
Бацька, здаецца, выправіўся, працуе, запэўнівае, што гатовы займацца выхаваннем сыноў. Праўда, жыве разам са сваімі бацькамі. Жылплошчу, што належыць дзецям, непадзельна займае былая жонка, працягвае піць, бадзяцца, нават у вышуку была. Магла раніцай сесці ў аўтобус, маўляў, да сына ў прытулак еду, і знікнуць дні на тры, да сына так і не даехаўшы. Па месцы работы характарызуецца адмоўна: п’е, прагульвае, схільная да падману. На яе за гэты час неаднаразова складаліся адміністрацыйныя пратаколы. Карацей, маці хлопчыкаў паўстала ў самым непрывабным для яе сэнсе.
Праўда, і бацька атрымаў ад суддзі, што называецца, па поўнай праграме. Абурала яго інертнасць,  няздатнасць аналізаваць сітуацыю, адказваць за свае ўчынкі. У тым, што дзеці сёння жывуць з бацькам, заслуга выключна іх – дзядулі з бабуляй, якія прымусілі сына ўзяцца за розум, забраць дзяцей, і зараз ва ўсім дапамагаюць.
Позна рэпеціраваць жыццё, калі ў цябе ўжо сям’я, дзеці, вялікая адказнасць на плячах. Ім неабходная ўвага, клопат. Варта кожны дзень думаць, як іх апрануць, чым накарміць, чым парадаваць. І так кожны дзень, без выхадных.
Суд прыняў рашэнне пазбавіць маці бацькоўскіх правоў і пакінуць дзяцей бацьку. Суддзя папярэдзіла, што сітуацыя ў гэтай сям’і будзе пад самым пільным кантролем: бацька павінен даказаць, што ў яго хопіць адказнасці гадаваць сваіх сыноў, што ён зможа забяспечыць ім дастойныя ўмовы для жыцця і развіцця.  І першая задача, якую яму належыць выканаць у самыя сціслыя тэрміны, пераехаць ад бацькоў і жыць самастойна. Вырас ужо. Пара.
І яшчэ, пазбаўленне бацькоўскіх правоў – гэта не канец. Калі маці выправіцца, яна зможа вярнуць свае правы на дзяцей. Адказчыцы, былой маці, гэта таксама патлумачылі. А то, каб не было, як у паэта, якога я ўжо цытавала: “Пазней старэць пачнеш самотна ў хаце І будзеш скаргі гнеўна кідаць нам. Не мы, жыццё табе даўгі заплаціць За раўнадушша. Вінаваты сам”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №72 ад 11.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *