Жанчыны — у журавіны, мужчыны — за грыбамі
Ну, вось, раённы конкурс “Маладая сельская сям’я-2012” падыходзіць да завяршэння. Нагадаем, што аб’яўлены ён быў у красавіку і меў на мэце ўмацоўваць сямейныя традыцыі і пераемнасць пакаленняў, далучаць моладзь да здаровага ладу жыцця, стымуляваць і актывізаваць іх работу па добраўпарадкаванні асабістых падворкаў.
Удзельнічаць у конкурсе згадзіліся 8 маладых сямей: Іваноўскія і Мацюшковы з Вялікіх Ляжнёў, Броўкіны са Светласельскага, Богдзя з Мішневіч, Бардзюковы з Мікіціхі, Канстанцінавы з Язвіна, Ціханаўцы з Крывога Сяла і Раманятавы са Слабады.
У мінулую пятніцу прайшлі адразу два этапы “У сасновым у бары грыбы, ягады бяры” і “Рыбак рыбака бачыць здалёк”. Раніцай шэсць сямей (дзве сям’і па ўважлівай прычыне не змаглі прыняць удзел) і арганізатары — прадстаўнікі ідэалагічнага аддзела і аддзела па справах моладзі райвыканкама, РК ГА БРСМ — адправіліся ў лес. Дзе як не ў лесе можна паспаборнічаць на лепшага зборшчыка грыбоў і ягад. Ды і адведаць смак сапраўднай рыбнай поліўкі. Лясным гідам выступіла Лілія Барадзёнак, метадыст па аматарскіх аб’яднаннях аддзела культуры райвыканкама. Мужчыны атрымалі інструкцыі, як і дзе збіраць грыбы, гаспадыні накіраваліся ў балота ў журавіны. Некаторыя прызналіся, што не даводзілася дагэтуль збіраць ягады.
Шчыра сказаць, нялёгка прыйшлося жанчынам. Калі мужчыны лёгка назбіралі за адведзены час сваю тару і адборнымі баравічкамі, і іншымі любімымі грыбамі, гаспадыням не вельмі пашанцавала: трапілася няягаднае месца. І збіраць давялося літаральна па ягадцы.
Тым не менш, усё кампенсавала тое, што па вяртанні з балота жанчын чакала вогнішча і прыгатаваная іх мужамі рыбная поліўка. Якая смачная юшка атрымалася! Асабіста паспрабавала! А заадно парадавалася і за ўдзельнікаў конкурсу — дружныя сем’і, вясёлыя, кампанейскія і знаходлівыя. Бачна па ўсім: конкурс многіх з’яднаў.
Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне запланавана на кастрычнік. Свята-святамі, але і на кожнадзённыя клопаты маладым сельскім сем’ям забываць не прыходзіцца.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №72 ад 11.09.2012 г.