Криминал. Происшествия

Происшествия

Загінулі ў агні
У ноч з 4 на 5 верасня ў Шуміліне па вуліцы Луначарскага адбыўся пажар. У агні загінулі тры чалавекі – гаспадыня дома, яе сужыцель і знаёмы мужчына.
У раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паведамілі пра пажар а першай гадзіне ночы. Калі прыехалі выратавальнікі, два чалавекі, што знаходзіліся ў доме, абгарэлі, а трэці задыхнуўся ад угарнага газу. Знутры дом выгараў, знешне сцены і дах цэлыя. Прычыны пажару ўстанаўліваецца.
Тэлефон
У РАУС звярнуўся жыхар Язвіна, які расказаў, што з пакоя ягонага дома знік мабільны тэлефон. Па гарачых слядах злачынца быў знойдзены: ім аказаўся мясцовы жыхар. Украдзенае вернута пацярпеламу.
Недысцыплінаванасць
Супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі сочаць за тым, каб асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу працавалі і прытрымліваліся ўстаноўленага рэжыму. Але ж робяць так далёка не ўсе, хто стаіць на ўліку ў інспекцыі. Напрыклад, жыхар Светласельскага, будучы асуджаным да 1,6 года  абмежавання волі, ухіляўся ад адбыцця пакарання. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Веласіпед
Пенсіянерка з Шуміліна  паведаміла ў міліцыю, што веласіпед, які яна на некаторы час пакінула на беразе Шумілінскага возера, бясследна знік. Урон, нанесены пацярпелай, складае 800 тысяч рублёў. Веласіпед вышукваецца.
Картка
З кватэры жыхаркі аграгарадка Светласельскі прапала банкаўская пластыкавая картка. Супрацоўнікі РАУС устанавілі, што яе ўкраў мясцовы жыхар. Ён пайшоў у адзін з магазінаў райспажыўтаварыства і па чужой пластыкавай картцы набыў тавары. Злодзей знойдзены. Банкаўская картка канфіскавана. Па арт.212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Крадзеж з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі” супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Дача
Жыхарка Наваполацка паведаміла ў раённы аддзел унутраных спраў, што абрабавалі яе дачны дом, які знаходзіцца ў вёсцы Абалянка. З дома прапала 300 тысяч рублёў, каўбаса, мяса, сала, цукар і іншыя прадукты больш як на 400 тысяч рублёў. Злачынцы вышукваюцца.
Нецвярозы
Жыхар Обалі ехаў па вуліцы на матацыкле ў стане алкагольнага ап’янення. Мужчыну пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў і штраф памерам больш за тры мільёны рублёў.
У кювеце
Грамадзянін Расійскай Федэрацыі ехаў на легкавым аўтамабілі “Опель-Шкода” па аўтадарозе Быкі-Казьяны-Обаль. Вадзіцель не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Машына пашкоджана. На расіяніна складзены адміністрацыйны пратакол.
Па матэрыялах РАУС і райаддзела па надзвычайных сітуацыях падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №72 ад 11.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *